Ян Рудзік: Польшча разумее важнасць Беларусі
Сябра Каардынацыйнай рады Ян Рудзік выступіў у польскім Сейме на канферэнцыі аб беларуска-польскім супрацоўніцтве. На канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі кіруючай партыі Польшчы, польскія актывісты, а таксама аб’яднанне беларускіх студэнтаў Познані.
Наша калега, Вольга Сямашка пагутарыла з сябрам Каардынацыйнай рады, прадстаўніком ініцыятывы „РУХ”, Янам Рудзікам пра тое, што ён паспеў сказаць падчас свайго выступу ў Сейме; ці мажліва казаць пра нарастаючае непаразуменне беларускімі дэмсіламі ў выгнанні інтарэсаў беларусаў унутры краіны; якое месца мусіць заняць Беларусь у Еўропе; пра становішча беларускай дыяспары ў свеце і будучыню Каардынацыйнай рады:
РР: Вы выступалі ў Сейме. Каго вы прадстаўлялі?
– Я прадстаўляў там беларускі бок можна сказаць. Гэта першая ў Сейме, менавіта на такім узроўні канферэнцыя пра беларуска-польскае супрацоўніцтва. Арганізатары сутыкнуліся з некаторымі тэхнічнымі замінкамі. Зараз у самім Сейме адбываюцца выбары дэпутатаў, таму людзі збольшага занятыя. Было важна менавіта ў гэты дзень зладзіць гэтую канферэнцыю. 17-га чысла ў Беларусі выдумалі адзначаць дзень здрадніцкага нападу Савецкага Саюза на Польшчу. Гэта свята антыпаланізму, якое таксама, мне падаецца, тэарэтычна з іх пункту гледжання павінна адбіцца і на беларусах, якія знаходзяцца тут. Было важна паказаць, што беларусы не падзяляюць гэтых шавінісцкіх поглядаў. Мы разам з польскім народам стаім за нашу і супольную волю. Мяне, як прадстаўніка, нацыянальных кансерватыўных сілаў, запрасілі там выступіць з прамовай. Дзякаваў палякам за дапамогу. Гэта была першая канферэнцыя, дэпутаты ад кіруючай партыі падкрэслівалі, што пасля выбараў варта правесці яшчэ адну больш буйную канферэнцыю, куды будуць запрошаныя журналісты, іншыя палітыкі і актывісты. Добры пачатак, людзі з польскага істэблішменту разумеюць важнасць Беларусі, важнасць падтрымання з беларускімі нацыянальнымі кансерватыўнымі сіламі і ўвогуле з беларускімі апазіцыйнымі палітыкамі.
РР: Ці не зменіцца стаўленне да беларусаў пасля выбараў?
– Я ў гэтым упэўнены, бо наколькі мы ведаем, тут такая дыяметральная палітычная палітра ў грамадстве, то бок паміж кансерватарамі і лібераламі. Адны і другія разумеюць важнасць Беларусі. Палякі вельмі добра ўяўляюць сабе, што такое рэжым Лукашэнкі, што такое беларускія дэмсілы, а таксама тое, што беларускі народ знаходзіцца ў закладніках. Мы вельмі блізкія народы, палякі не могуць заплюшчыць вочы і проста ігнараваць тое, што ў іх пад бокам адбываецца. Яны ўсё гэта цудоўна ведаюць, яны маюць кантакты і стасункі са многімі беларускімі палітыкамі, бізнесоўцамі. У іх вельмі добрае ўяўленне таго, што адбываецца. Я ўпэўнены, што Польшча, які б урад не быў, яна ўсё роўна будзе на баку Беларусі.
РР: Вам прыходзіцца пераадольваць некаторыя стэрэатыпы наконт Беларусі?
– Яшчэ калі я балатаваўся ў спікеры Каардынацыйнай рады, то казаў, што мяне не цікавіць далёкі Захад, мяне цікавіць тое, што адбываецца тут. Польшча, як наш бліжэйшы хаўруснік па Міжмор’ю, якая больш за ўсіх зрабіла для Беларусі і беларусаў. На мой погляд трэба працаваць менавіта з гэтымі людзьмі, з імі нам 100% па шляху. Сярод гэтых людзей я не сустракаў якога-кольвек паблытанага меркавання, што беларусы падтрымліваюць Лукашэнку. Усе людзі ўсё цудоўна разумеюць і гэта вельмі натхняе.
З „Госцем Рацыі” – з сябрам Каардынацыйнай рады, прадстаўніком ініцыятывы „РУХ”, Янам Рудзікам, камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацы