Яна Балквадзэ: Міша робіць каласальную справу



Сёння споўнілася два месяцы, як Міхаіл Саакашвілі стаў кіраўніком Адэскай вобласці.

Як было ўспрынятае гэтае прызначэнне на радзіме былога прэзыдэнта Грузіі? Ці лічаць грузіны такі крок Міхаіла Саакашвілі нацыянальнай здрадай? Чаму ў былога грузінскага лідэра столькі недабразычліўцаў сярод землякоў і хто гэтыя людзі?

Міхал Саакашвілі

Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Янай Балквадзэ, якая жыве ў Тбілісі і ведае сітуацыю “з сярэдзіны”.

PP: У Грузіі ў Саакашвілі вельмі багата недабразычліўцаў. Хто гэтыя людзі і адкуль яны ўзяліся?

Яна Балквадзэ: Гэта пераважна тыя людзі, якія за часамі Шэварнадзэ працавалі на добрых, утульных пасадах і вымантачвалі хабары. А хабарнічалі ў нас абсалютна ўсе чыноўнікі. Калі чалавек працаваў на пасадзе, дзе можна было браць – ён браў. Таксама выгнаныя са службы паліцыянты. То бок, гэта катэгорыя людзей, якія з прыходам Мішы страцілі мажлівасць мець незадэклараваны прыбытак. Яшчэ трэба ўлічыць такі фактар. Калі ў Грузіі садзяць у турму злачынцу, то ўсе крэўныя злачынцы пачынаюць ненавідзіць гэтую ўладу. А ў Грузіі ў крымінальным плане была праўдзівая катастрофа. Колькі Міша пасадзіў – столькі садзіць і трэба было! А, можа, нават і больш.

РР: Сёння два месяцы прызначэння Міхаіла Саакашвілі на пасаду кіраўніка Адэскай вобласці. Як успрынялі гэты крок у Грузіі? Гэта нацыянальная здрада, як сцвярджаюць нават некаторыя грузіны, ці гэткая рэінкарнацыя ў новай якасці: маўляў, дараблю ва Ўкраіне тое, што не здолеў на Радзіме?

Яна Балквадзэ: Для прыхільнікаў Міхаіла Саакашвілі, да якіх я адношуся і з каторымі пераважна кантактую, гэта ані ў якім разе не здрада. Наадварот, я абсалютна згодная з Саакашвілі, калі той кажа, што цяпер перадавая барацьбы з агрэсіўнай імперскай палітыкай Расеі праходзіць акурат ва Украіне. І гэта відавочна для ўсіх. Адэская вобласць адыгрывае ў гэтым сэнсе каласальную ролю, бо тамака побач Прыднестроўе. Ніякая крыўды і ніякага адчування, што нам здрадзілі, у нас, натуральна, няма. У Грузіі вельмі добра ставяцца да Украіны, нават ворагі Мішы – і тыя прыхільнікі Украіны. Так што месца Саакашвілі сапраўды там. Які будзе сэнс, калі ён будзе сядзець у турме?! А так Міша робіць каласальную справу, і мы толькі ў гэтым яго падтрымліваем.

Назіральнікі, аднак, мяркуюць, што прызначэнне Міхаіла Саакашвілі на пасаду кіраўніка Адэскай вобласці сведчыць не столькі пра жаданне Пятра Парашэнкі паламаць устойлівыя карупцыйныя схемы ў рэгіёне, колькі пра кадравую абмежаванасць украінскага прэзыдэнта.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя