Янчурэвіч: Мы не чакаем ад гэтай выбарчай кампаніі ніякіх сюрпрызаў
У Беларусі няма адкрытых і празрызстых выбараў, – кажа намеснік старшыні Руху «За свабоду», памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ганны Канапацкай – Віктар Янчурэвіч, які на мінулых выхадных назіраў, як выбіраюць еўрадэпутатаў на Падляшшы.
З яго слоў, у адрозненні ад Польшчы, у Беларусі ёсць толькі імітацыя выбарчага працэсу з загадзя прагназаванымі вынікамі.
– Мы не чакаем ад гэтай выбарчай кампаніі ніякіх сюрпрызаў. Усё будзе па сцэнары ўлады, але ў гэтай гульні нашая задача атрымаць максімальную выгаду ад удзелу ў гэтым працэсе. Гэтай выгадай з’яўляецца пашырэнне вядомасці нашых арганізацый сярод грамадзян, раскрутка новых лідараў і прыцягненне ў арганізацыю новых сябраў. Гэтыя мэты мы ставім для сябе.
Таксама Віктар Янчурэвіч пацвердзіў, што старшыня Руху «За свабоду» збіраецца ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах:
– Такое рашэнне прынятае на канферэнцыі Руху “За свабоду”. Юрый Губарэвіч будзе вылучацца ў якасці кандыдата на праймерыз, які плануецца праводзіць у межах правацэнтрысцкай кааліцыі і нават шырэй. І мы разлічваем на тое, што Губарэвіч – адзін з найбольш перспектыўных кандыдатаў – у гэтай кампаніі праймерыз пераможа і стане адзіным кандыдатам ад арганізаванай часткі апазіцыйных структ Беларусі.
Дэлегацыя беларускіх назіральнікаў з Руху „За свабоду” на чале з Віктарам Янчурэвічам была акрэдытаваная ў Цэнтральнай выбарчай камісіі Польшчы, наведала на выхадных Беласток і пабачыла, як у Польшчы адбываюцца выбары у Еўрапарламент, якія тэхнікі і метады кандыдаты выкарыстоўваюць, каб здабыць давер грамадзянаў, як адбываецца барацьба паміж канкуруючымі партыямі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота pyx.by