Янукевіч: „Гавары праўду” не збіралася дамаўляцца
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць падтрымку ў пачатку выбарчай кампаніі экс-кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч сваёй памылкай. Пра гэта ён заявіў 17 кастрычніка на пасяджэнні сойма арганізацыі ў Мінску, паведамляе БелаПАН.
Партыя БНФ спачатку прыняла рашэнне аб падтрымцы Караткевіч на выбарах як прадстаўніка кааліцыі „Народны рэферэндум”, прымала ўдзел у зборы подпісаў за яе вылучэнне, аднак 29 жніўня адмовілася ад далейшай падтрымкі.
„Мне казалі, няўжо я не ведаю, што такое „Гавары праўду”. Зразумела, што я гэта ведаў, але ў мяне былі надзеі, што Караткевіч стане кандыдатам ад „Народнага рэферэндуму”. Гэта дазволіла б захаваць баланс інтарэсаў, наладжаны ў кааліцыі. Аднак стала відавочна, што кіраўніцтва „Гавары праўду”, атрымаўшы свайго кандыдата ў прэзідэнты, не збіралася дамаўляцца”, – сказаў Янукевіч.
Пры гэтым ён лічыць, што адмова ад далейшай падтрымкі Караткевіч на выбарах дазволіў „мінімізаваць негатыўныя наступствы” раней прынятага рашэння.
Янукевіч адзначыў, што вынікі ўдзелу ў выбарчай кампаніі для самой Караткевіч „можна лічыць паспяховымі”. „Яна выйшла на агульнанацыянальны ўзровень, увайшла ў гісторыю як першы кандыдат-жанчына. Яна актыўна праводзіла кампанію, вырасла як публічны прамоўца”, – сказаў ён.
Аднак саму кампанію, якую праводзіла „Гавары праўду”, Янукевіч ацаніў як слабую, так як, па яго словах, яна была „адарваная ад рэальнасці”. „Беларускую апазіцыю часта абвінавачваюць, што яна жыве ў сваім уласным свеце. Кампанія „Гавары праўду” таксама стварыла вакол сябе асобную рэальнасць, як быццам у краіне на выбарах лічаць галасы. Раскрутка на выбарах свайго брэнда – няправільны шлях. Яны адштурхнулі ад сябе частку цвёрдых прыхільнікаў дэмакратычнага шляху развіцця краіны”, – сказаў ён.
Як адзначыў Янукевіч, былі надзеі на тое, што Караткевіч зможа атрымаць настолькі высокі рэйтынг, што ўлады прызнаюць неабходнасць весці з ёй дыялог. «Але гэтая праца на рэйтынг не прынесла вынік”, – падкрэсліў ён.