Японія мае намер павысіць статус дыпламатычнай прысутнасці ў Беларусі
Японія мае намер павысіць статус дыпламатычнай прысутнасці ў Беларусі, паведаміў часовы павераны Японіі ў Беларусі Хірокі Такунага 8 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску.
„У цяперашні час я знаходжуся ў Беларусі ў статусе часовага паверанага, а надзвычайны і паўнамоцны пасол з рэзідэнцыяй у Маскве з’яўляецца па сумяшчальніцтве паслом Японіі ў Беларусі, — сказаў Такунага. — Але сёлета ў Мінск прыбудзе надзвычайны і паўнамоцны пасол. Мы маем намер яшчэ больш актывізаваць працу пасольства ў новым статусе”.
Ён адзначыў, што пакуль невядомыя дакладныя тэрміны прыезду новага кіраўніка пасольства.
Такунага таксама паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка запрошаны на цырымонію ўзыходжання імператара на прастол, якая адбудзецца 22 кастрычніка. „Для нас будзе вялікі гонар, калі беларускі прэзідэнт будзе прысутнічаць”, — сказаў дыпламат.