Яраслаў Чарназуб: Відавочна, што Расея не ідзе на саступкі



Перамір’е з 15 лютага, адвод войскаў і абмен палоннымі цягам 19 дзён – гэта першыя крокі, які маюць выканаць бакі канфлікту на Данбасе паводле падпісанага ў Менску дакумента.

У выніку сустрэчы ў так званым нармандскім фармаце выпрацаваны шэраг крокаў па ўрэгуляванні канфлікту.

“Ужо само вызначэнне часу выканання кожнага з крокаў кажа пра гатоўнасць да сапраўднага міру на Данбасе”, – кажа украінскі палітолаг Яраслаў Чарназуб.

 – Калі было бы прынцыпова прынятае пытанне, што аднаўляецца кантроль мяжы, тады было бы відавочна, што Расея пайшла на папятную – здала пазіцыю, адступіла ад сваёй агрэсіўнай пазіцыі. Але калі тэрміны – да канца году, то відавочна, што Расея не ідзе на саступкі.  

Україна ужо амаль год не кантралюе некалькі соцен кіламетраў расейска-украінскай мяжы ў Данецкай і Луганскай абласцях. Гэта дае магчымасць безперашкоднай пастаўкі зброі з Расеі і перамяшчэнне вайскоўцаў у раёны канфлікту.

Паводле Менскага дакумента, Україна пяройме кантроль над усёй мяжой з Расеяй толькі пасля канстытуцыйнай рэформы з вызначэннем спецыяльнага статусу некаторых раёнаў Данбасу. Плануецца што гэта адбудзецца пры канцы 2015 году.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя