Яраслаў Крывой: Беларуская амбасада навязвае кантакты з беларускімі асяродкамі
«Беларуская амбасада ў Вялікабрытаніі спрабуе навязваць кантакты з беларускімі асяродкамі ў краіне», – адзначыў у нашым эфіры сябра папячыцельскай рады Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане Яраслаў Крывой.
„Нядаўна беларускія дыпламаты паабяцалі паспрыяць навязванню кантактаў найбольшай беларускай бібліятэкі замежжа з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, спадзяемся на супрацу і ў іншых галінах”, – кажа Яраслаў Крывой:
– На нас яны выходзілі і цікавіліся: ці ёсць цікавыя ідэі для праекту, які можна сумесна рэалізоўваць, бо Міністэрства замежных справаў выпрацоўвала канцэпцыю супрацы з беларусамі замежжа. Таму спадзяемся, што будзе больш канкрэтнае супрацоўніцтва, бо дагэтуль, на жаль, амаль ніякага супрацоўніцтва не было.
У пачатку ліпеня ў Менску прайшло першае паседжанне каардынацыйнага савету беларусаў замежжа пры беларускім МЗС.
Аднак сярод запрошаных удзельнікаў савету не знайшлося месца для прадстаўнікоў традыцыйных асяродкаў беларускай эміграцыі з ЗША, Канады, Вялікабрытаніі і Аўстраліі.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: pyx.by