Ярмошына агучыла верагодную дату прэзідэнцкіх выбараў (абноўлена)
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына падцвердзіла вялікую верагоднасць таго, што выбары прэзідэнта краіны пройдуць 15 лістапада. «Гэтая дата для ўладаў дае магчымасць адцягнуць час, каб вырашыць сур“ёзныя эканамічныя праблемы, якія захлынулі дзяржаву», – каментуе намеснік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч:
– Верагодна, яны спадзяюцца, што за гэтыя 10 месяцаў сітуацыя больш-меньш стабілізуецца і ізноў можна будзе прадэманстраваць нейкі эканамічны рост. Лістапад разглядаўся як базавы, большасць палітычных структур арыентаваныя менавіта на гэты месяц. Збор подпісаў прыпадзе на канец лета – пачатак восені. Гэта перыяд, калі людзі будуць яшчэ знаходзіцца ў адпачынках, альбо займацца сельгаспрацамі. Магчыма, з гэтым будуць звязаныя цяжкасці.
“Увосень людзі будуць у большасці знаходзіцца па сваім месцы жыхарствы, таму будзе магчымасць правесці агітацыйную працу, ёсць пэўны час, каб падрыхтавацца да выбараў. Можа быць ізноў вярнуцца да тэмы абрання адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары”, – дадаў палітык.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Самая верагодная дата прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі — 15 лістапада. Пра гэта ў інтэрв’ю часопісу „Беларуская Думка” паведаміла старшыня Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына. Гэта апошняя магчымая нядзеля для правядзення выбараў, бо ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь яны павінны адбыцца не пазней за два месяцы да заканчэння паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы. Гэтую дату ўжо агучылі кіраўніку краіны, і папярэдне ён яе ўхваліў. Паводле чыноўніцы, палітычным партыям і беспартыйным прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта варта арыентавацца на гэты тэрмін, перадае БелТА.
Фота saligorsk.org