Ярмошына: Асобнай дэманстрацыі кожнага бюлетэня не будзе
Члены выбарчых камісій пры падліку галасоў не будуць дэманстраваць назіральнікам кожны асобны бюлетэнь, заявіла на прэс-канферэнцыі 12 верасня ў Мінску старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
„Калі назіральнікі стаяць і назіраюць, значыць, яны і бачаць [працэс падліку галасоў], нічога іншага не будзе. Асобная дэманстрацыя кожнага бюлетэня ажыццяўляцца не будзе, для гэтага трэба ўносіць змены ў закон”, — заявіла кіраўнік ЦВК.
Паводле слоў Ярмошынай, у Беларусі не ўносіліся адпаведныя змены ў выбарчае заканадаўства, аднак „істотнае значэнне маюць метадычныя тлумачэнні ад Цэнтральнай камісіі”, якія тычацца выбарчых камісій усіх узроўняў.
„Для ўчастковых выбарчых камісій гэта асобная брашура. <…> Мы прадугледзелі ў тым ліку і схему размяшчэння назіральнікаў і членаў выбарчай камісіі, яна нават графічна намаляваная. Мы працуем над гэтым, усё залежыць ад таго, як гэта будзе выконвацца ўнізе”, — адзначыла яна.
Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама паведаміла, што для ўчастковых камісій распрацаваны сцэнары дзелавых гульняў, найбольш істотным з якіх будзе „гульнявая сітуацыя з падлікам галасоў”. ЦВК мае намер абавязаць усе ўчастковыя камісіі правесці гэтыя трэнінгі.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання пройдуць 17 лістапада.