Ярмошына: Да байкоту выбараў заклікаюць няўдачнікі
Заклікі да байкоту выбараў раздаюцца з боку няўдачнікаў, заявіла сёння кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў праграме «Актуальны мікрафон» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.
Кажучы пра заклік да байкоту прэзідэнцкіх выбараў, старшыня ЦВК, у прыватнасці, адзначыла: «Гэта забаронена заканадаўствам, але, тым не менш, у той ці іншай форме, такія заклікі раздаюцца. Яны раздаюцца з боку няўдачнікаў».
Па словах Лідзіі Ярмошынай, такую рыторыку можна пачуць ад аднаго з кандыдатаў на найвышэйшую дзяржаўную пасаду (ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі ў 2015 годзе) і яшчэ некалькіх прадстаўнікоў апазіцыі, якія «не могуць удзельнічаць у выбарах па тых ці іншых прычынах ці не хочуць гэтага».
«Я адразу магу сказаць, што гэта не толькі незаконна, гэта безадказна. Дарослыя мужчыны, якія выдатна ведаюць, што правядзенне выбараў — неабходнасць для кожнай дзяржавы, ведаюць, якія вялікія сродкі ўкладзены ў дадзеную выбарчую кампанію (як і ў любую іншую) і што ад выбараў залежыць стабільнасць і дабрабыт нашага грамадства, яны проста не маюць права да такой ступені забыцца, страціць пачуццё рэальнасці і адказнасці, каб заклікаць не прыходзіць на выбары», — мяркуе старшыня ЦВК.