Ярмошына: Дата правядзення прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў пакуль не вызначаная
Дата чарговых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у Беларусі пакуль не вызначаная, паведаміла БелаПАН старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.
2 красавіка Ярмошына, адказваючы ў парламенце на пытанні журналістаў аб тэрмінах прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, заявіла: „Я казала, што буду ставіць пытанне восенню гэтага года, таму да восені я не гатовая адказаць ні на адно ваша пытанне, па меншай меры, аб тэрмінах выбараў”. Паводле яе слоў, калі будзе вырашана датэрмінова праводзіць прэзідэнцкія выбары, гэтае пытанне будзе вырашаць парламент, калі парламенцкія — прэзідэнт. „Але пакуль, калі казаць пра перыяд гэтага года, гэта ўсяго толькі папярэднія палітычныя кансультацыі”, — сказала кіраўнік ЦВК.
18 жніўня Аляксандр Лукашэнка падчас прызначэння новага ўрада заявіў, што прэзідэнцкія выбары будуць праведзеныя „строга паводле Канстытуцыі”. Ён адзначыў, што некаторыя каментары ў СМІ і інтэрнэце намякаюць на датэрміновыя выбары. „Я, калі прачытаў, сам падумаў, а калі ў нас выбары прэзідэнцкія? Аказваецца, у нас у 2020 годзе толькі тэрмін. Гэта яшчэ палова тэрміну. Які папулізм пад выбары? Гэта камусьці хочацца, каб выбары былі заўтра ці паслязаўтра. Але я ўжо на гэтае пытанне адказваў. Выбары прэзідэнцкія мы правядзем строга паводле Канстытуцыі нашай краіны. У нас няма ніякай неабходнасці сёння ці заўтра праводзіць прэзідэнцкія выбары і пад гэта развіваць нейкі папулізм. Дурасць несусветная!” — заявіў ён.
Ярмошына сёння паведаміла БелаПАН, што вырашыла адкласці абмеркаванне гэтага пытання на вясну наступнага года. „Няма патрэбы пачынаць палітычны сезон датэрмінова. Таму, думаю, я нават не буду дакладваць. Хутчэй за ўсё, кіраўнік дзяржавы паведаміць [аб магчымай даце выбараў] у чарговым пасланні (сёлета Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу 24 красавіка. — БелаПАН.). А пакуль што размовы пра выбары не вядуцца”, — сказала яна.
Паводле слоў Ярмошынай, пакуль не ясна, якія выбары будуць першымі, а якія — другімі і ці будзе наогул перанос адной з выбарчых кампаній. „Гіпатэтычна ўсё можа быць, бо гэта не супярэчыць заканадаўству. Усё залежыць ад таго, як палітычнае кіраўніцтва вызначае мэтазгоднасць сумяшчэння альбо развядзення выбараў”, — адзначыла кіраўнік ЦВК. БелаПАН