Ярмошына: Дзеючых дэпутатаў абрана 30 чалавек, як і казаў кіраўнік дзяржавы
У парламент сёмага склікання выбраны 21 чалец партый. Гэта на 5 чалавек больш, чым ў 2016 годзе. Пра гэта Лідзія Ярмошына распавяла на прэс-канферэнцыі па падвядзенні папярэдніх вынікаў „выбараў” у парламент.
З тых, хто трапіў у парламент, адзін чалавек прадстаўляе Беларускую аграрную партыю, два – Беларускую патрыятычную партыю, 11 – Кампартыю, адзін – ЛДП, 6 – Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці, перадае tut.by
З „абраных” дэпутатаў 44 жанчыны і гэта, па словах Ярмошынай, кажа пра тое, што «мы рухаемся да еўрапейскага гендэрнага запатрабавання». Грамадзян ва ўзросце да 30 гадоў абрана двое. Дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў дзеючага склікання абрана 30 чалавек, або 27%. „Гэта тое, пра што казаў кіраўнік дзяржавы, што пажадана, калі траціна парламента будзе пераходзіць у новае скліканне”, – сказала Ярмошына.
Нагадаем, у верасні Лукашэнка заявіў, што каля 30-35% цяперашняга складу Палаты прадстаўнікоў зноў павінны пазмагацца за дэпутацкі мандат. Гэта, падкрэсліў ён, дапаможа захаваць пераемнасць у беларускім парламенце.