Ярмошына: Фарміраванне выбарчых камісій на мясцовых выбарах праходзіць галосна
Фарміраванне тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій на мясцовых выбарах праходзіць галосна, заявіла ў інтэрв’ю БелаПАН кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.
Даных аб фарміраванні акруговых камісій, якое завяршылася вечарам 4 снежня, Ярмошына пакуль не ведае. „Што тычыцца тэрытарыяльных камісій, то прадстаўнікоў партый у іх больш, чым чатыры гады таму”, — сказала яна.
Тое, што прадстаўнікоў апазіцыі мала ў складах тэрытарыяльных і, верагодна, акруговых выбарчых камісій, Ярмошына адносіць да кампетэнцыі мясцовых уладаў, якія займаюцца іх фарміраваннем.
„Мы не займаемся палітыкай, чаму вылучаецца шмат ці мала чалавек. У нас няма доказаў, што закон парушаўся. Усё фарміраванне ішло галосна”, — сказала Ярмошына.
Выбары дэпутатаў у 1.309 мясцовых саветаў будуць праходзіць па 18.111 акругах. Раней былі сфармаваныя тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, у склад якіх уключана 10.499 чалавек. Ад грамадзян шляхам падачы заявы ў склад тэрытарыяльных камісій уключана 5.276 чалавек, ад працоўных калектываў — 1.119, грамадскіх аб’яднанняў — 3.977, палітычных партый — 125.
Участковыя выбарчыя камісіі будуць створаныя не пазней за 3 студзеня 2018 года.
Беларуская апазіцыя неаднаразова заяўляла, што ў выбарчых камісіях павінны быць у абавязковым парадку і іх прадстаўнікі. На думку апазіцыі, камісіі, утвораныя толькі з прадстаўнікоў праўладных партый і арганізацый, не могуць забяспечыць празрыстасць і дэмакратычнасць выбарчай кампаніі.