Ярмошына лічыць гісторыю з „атручваннем” Цярэшчанкі рэкламным трукам



Рэкламным трукам назвала ў праграме „Галоўны эфір” тэлеканала „Беларусь-1” кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына гісторыю з нібы атручваннем у менскім кафэ прэтэндэнта ў прэзідэнты эканаміста Віктара Цярэшчанкі.

Нагадаем, Цярэшчанка падаў у ЦВК дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты нягледзячы на тое, што большасць подпісаў, сабраных у падтрымку яго вылучэння, тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі былі прызнаныя несапраўднымі. Ініцыятыўная група Цярэшчанкі здала прыкладна 130 тысяч подпісаў, сапраўднымі былі прызнаныя менш як сем тысяч.

Сам прэтэндэнт у дні праверкі подпісаў знаходзіўся ў аддзяленні пульманалогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы Менска. Палітык сцвярджае, што яго атруцілі 28 жніўня ў менскім кафэ, дзе ён піў маркоўны сок. Патэнцыяльны кандыдат у інтэрв’ю заявіў, што атруціць яго магла нейкая „трэцяя сіла”. „Яна можа быць унутраная, а можа быць — і знешняя”, — заявіў палітык. Ён таксама не выключыў, што ў выпадку дрэннага стану здароўя знімецца з перадвыбарнай гонкі.

3 верасня старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў відэазвароце на сайце vybory2015.by заявіла, што ў шэрагу рэгіёнаў ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Цярэшчанкі „не збірала, а падрабляла подпісы грамадзян”.

Старшыня беларускага ЦВК у „Галоўным эфіры” заявіла, што не верыць у тэорыю змовы. Пры гэтым яна адзначыла, што Цярэшчанку нельга назваць апазіцыйным і „небяспечным для дзеючых улад”.

Што датычыцца заявы Цярэшчанкі пра „знешнюю сілу”, то, паводле слоў Ярмошынай, „гэта глупства”.

belapan.by