Ярмошына не будзе мяняць выбарчае заканадаўства



Зменаў выбарчага заканадаўства ў Беларусі бліжэйшым часам не будзе, заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Ярмошына

Яна сустрэлася з Аляксандрам Лукашэнкам, ды абмеркавала выніковую справаздачу місіі назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ пра прэзідэнцкія выбары 2015 года. Лукашэнка даручыў стварыць міжведамасную экспертную групу для вывучэння рэкамендацый БДІПЧ. Ярмошына паабяцала, што высновы місіі абмяркуюць:

– Падчас сустрэчы 28-га студзеня з дырэктарам БДІПЧ АБСЕ спадаром Лінкам, да гэтага мы сустракаліся з кіраўніком місіі кароткатэрміновых назіральнікаў спадаром Харстэдам, яны выказалі пажаданне, каб Рэспубліка Беларусь, афіцыйная ўлада максімальна сур’ёзна паставілася да іх рэкамендацый. Мы заўсёды ставімся дастаткова сур’ёзна і ўжо працуем з іх рэкамендацыямі для таго, каб максімальна ўлічыць іх падчас падрыхтоўкі парламенцкіх выбараў.

У выніковай справаздачы назіральнай місіі адзначаецца, што прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся летась 11 кастрычніка, паказалі, што Беларусі яшчэ трэба прайсці значны шлях да выканання абавязацельстваў АБСЕ па дэмакратычных выбарах. Назіральнікі звярнулі ўвагу, што выбарчая кампанія і непасрэдна дзень выбараў праходзілі мірна. Але “значныя праблемы, асабліва падчас падліку галасоў, падарвалі сумленнасць выбараў”.

Беларускае Радыё Рацыя