Ярмошына не выключае змены працэдуры падліку галасоў
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына плануе пасля парламенцкіх выбараў унесці кіраўніку дзяржавы прапановы па змяненні ў выбарчым заканадаўстве. Пра гэта яна паведаміла журналістам 23 чэрвеня ў Менску.
Адказваючы на пытанне БелаПАН, ці будуць падчас парламенцкіх выбараў члены выбарчых камісій пры падліку галасоў паказваць кожны бюлетэнь назіральнікам, Ярмошына сказала: «Камісіі не будуць падлічваць, паказваючы кожны бюлетэнь. Для гэтага трэба ўносіць змены ў закон, таму што працэдура падліку прапісаная там».
Пры гэтым кіраўнік ЦВК падкрэсліла: «Рэкамендацыя Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ аб тым, каб назіральнікі маглі кантраляваць падлік галасоў, выкананая. «Пасля выбараў я буду выходзіць з прапановай да кіраўніка дзяржавы. Якія яшчэ прапановы ўносіць, я пакуль не ведаю, — сказала Ярмошына. — Неяк працэдура будзе мяняцца, аднак усе рашэнні па ўнясенні змяненняў у закон вырашаюцца кансэнсусам на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. Таму гэта ўсё — плён кампрамісу. Я пакуль ні пра што не буду казаць, пра гэта заўчасна гаварыць».
Не з’явяцца ў Беларусі і празрыстыя скрыні для бюлетэняў. Кіраўнік ЦВК лічыць, што гэта «такая надуманая тэма, што пра яе няма чаго нават казаць». «Надуманыя таму, што яна нідзе нічога не вырашае і даверу да выбараў не нараджае. Псіхалагічна, можа быць, на нейкую хвіліну, на якую гадзіну, не больш за тое. Усё ж такі самае галоўнае вырашае падлік галасоў», — сказала Ярмошына.
Нагадаем, па выніках прэзідэнцкіх выбараў 2015 года БДІПЧ АБСЕ распрацавала прапановы па ўдасканаленні выбарчых працэсаў. 12 лютага па распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі была створана міжведамасная экспертная група па іх вывучэнні. Па выніках працы камісіі былі распрацаваны прапановы па паляпшэнні выбарчага працэсу, якія Цэнтрвыбаркам прадугледзеў у метадычных дапаможніках для членаў выбарчых камісій і ў іншых сваіх пастановах і растлумачэннях.
У ЦВК заявілі, што гэтыя навіны, у прыватнасці, павысяць празрыстасць падліку галасоў і палепшаць умовы працы назіральнікаў. Да разгляду астатніх рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ ўлады абяцаюць вярнуцца пасля парламенцкіх выбараў. На думку ЦВК, іх немагчыма рэалізаваць за кароткі час, бо 22 з 30 прапаноў патрабуюць унясення зменаў у выбарчае заканадаўства.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання адбудуцца 11 верасня. Такая дата зацверджана ўказам № 190, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 6 чэрвеня. На выбарах у ніжнюю палату будуць дзейнічаць 110 акруговых і 6.149 участковых выбарчых камісій (у тым ліку 49 за межамі краіны).