Ярмошына: Няма ніякіх масавых загонаў студэнтаў на галасаванне



Ніякага масавага „загону” студэнтаў на ўчасткі для галасавання няма, заявіла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, размаўляючы з журналістамі 14 лістапада пасля таго, як датэрмінова прагаласавала на выбарчым участку ў Менску.

Журналісты папрасілі яе пракаментаваць паведамленні аб тым, што студэнтаў ВНУ прымушаюць галасаваць датэрмінова.

„Усё тое, пра што паведамляецца, гэта не загон, гэта агітацыя, настойлівае запрашэнне прыйсці на выбарчыя ўчасткі, — сказала Ярмошына. — Загон — гэта тады, калі існуе прымус, калі да людзей прымяняецца якая-небудзь пагроза. Калі пагрозы няма, гэта ўсяго толькі агітацыя”.

На пытанне, як рэагаваць на паведамленні пра тое, што студэнтам пагражаюць недаваннем месца ў інтэрнатах у выпадку адмовы прагаласаваць датэрмінова, Ярмошына сказала: „Гэта я не ведаю. Гэта трэба, па-першае, разбірацца кожны раз. Вось тады можна гаварыць пра прымушэнне. Калі проста настойлівае запрашэнне — і я, па меншай меры, пра гэта чытала, — то гэта не больш не менш як сапраўды агітацыя за ўдзел у выбарах. Гэта выхаванне інфантыльнага маладога пакалення. З іх робяць сапраўдных, адказных грамадзян”.

Ярмошыну таксама папрасілі пракаментаваць сітуацыю, калі выбарчыя камісіі сфармаваныя з працаўнікоў аднаго прадпрыемства, а старшынямі камісій з’яўляюцца начальнікі на гэтым прадпрыемстве.

Паводле слоў кіраўніка ЦВК, члены камісіі выконваюць грамадскія абавязкі. „Старшыня камісіі не з’яўляецца кандыдатам і не ўдзельнічае ў выбарах. Залежнасць — гэта тады (і яна забароненая законам), калі старшыня камісіі знаходзіцца ў непасрэдным падначаленні ў кандыдата ў дэпутаты, — сказала Ярмошына. — Немагчыма, калі кандыдат у дэпутаты і старшыня або член камісіі — гэта адно і тое ж. Што да фармавання камісій участковых з розных членаў працоўнага калектыву, але якія вылучаныя самымі рознымі спосабамі — ад грамадзян, ад грамадскіх аб’яднанняў, ад працоўнага калектыву, ад розных структур, — то гэта абсалютна законна, гэта ў межах нашага заканадаўства, і казаць пра нейкую залежнасць немагчыма, тут няма карупцыйных складнікаў і не можа быць. Яны не звязаныя ніякімі эканамічнымі інтарэсамі, праводзячы выбары. І не звязаныя ніякімі інтарэсамі з кандыдатамі ў дэпутаты”.

На просьбу пракаментаваць паведамленні аб завышэнні ўчастковымі камісіямі яўкі датэрміновага галасавання Ярмошына заявіла: „Магу сказаць, што ісціна будзе ўсталяваная пры падліку галасоў. Больш я ніяк не магу пракаментаваць. Тым больш што яны падлічваюцца асобна”.

Пры гэтым кіраўнік ЦВК адзначыла, што яўка на датэрміновае галасаванне на гэтых выбарах перавышае яўку на парламенцкіх выбарах 2016 года. „Але гэта зразумела, я з самага пачатку гэта прагназавала. У нас адзін выхадны дзень (субота, 16 лістапада, з’яўляецца працоўнай. — БелаПАН.), у які людзі, магчыма, проста пажадаюць адаспацца, таму, вядома ж, большасць аддае перавагу прагаласаваць датэрмінова”, — лічыць Ярмошына.

Яна таксама заявіла, што відэакамеры на выбарчых участках не з’яўляюцца панацэяй ад фальсіфікацый. „Я сама шмат разоў назірала, у той жа Расіі, як ідзе трансляцыя: праз пяць хвілін ты ўжо не памятаеш, хто прыйшоў на гэты ўчастак і што там адбылося, — сказала яна. — Таму адсочваць вось так вось… Толькі калі потым, пры спрэчнай сітуацыі праглядзець гэты запіс, аднак калі глядзець і назіраць анлайн, наўрад ці вы ўбачыце парушэнне закона, калі яно не з’яўляецца відавочным — напрыклад укідванне бюлетэняў”.

На заўвагу, што ў сітуацыі, калі назіральнік кажа, што на ўчастку прагаласавала пяць чалавек, а камісія — што 100, камера дапамагла б расставіць усё на свае месцы, Ярмошына заявіла: „Я яшчэ раз паўтараю: галоўнае — гэта не тое, што кажа назіральнік ці камісія, галоўнае — скрыня галасавання і што ў ёй знаходзіцца”.

belapan.by