Ярмошына: У Беларусі актыўна фармуецца грамадзянская супольнасць
У Беларусі актыўна фармуецца грамадзянская супольнасць, заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў відэазвароце да выбаршчыкаў, размешчаным на сайце ЦВК. Пра гэта, паводле яе слоў, сведчаць вынікі фармавання акруговых і раённых выбарчых камісій у Менску.
„У нас вырасла колькасць тых, каго намінавалі на гэтыя пасады грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі. Так, колькасць партыйных вылучэнцаў у складзе акруговых і раённых выбарчых камісій у Мінску павялічылася на 2%, а прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў у цэлым — на 8%. Пры гэтым зменшылася колькасць тых, хто вылучаўся ад працоўных калектываў або шляхам збору подпісаў грамадзян„, — сказала Ярмошына.
З грамадскіх аб’яднанняў на мясцовых выбарах, паводле слоў старшыні Цэнтральнай камісіі, найбольш актыўныя Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і РГА „Белая Русь”.
Кіраўнік ЦВК адзначыла „асаблівую актыўнасць некаторых партый”. „У склад выбарчых камісій увайшлі прадстаўнікі не толькі партый, якія прытрымліваюцца прадзяржаўнай палітыкі, але і партыі, якія адносяць сябе да катэгорыі апазіцыйных. Так, колькасць прадстаўнікоў Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” у акруговых камісіях павялічылася ў параўнанні з папярэднімі мясцовымі выбарамі амаль у тры разы, у два з лішнім разы павялічылася колькасць прадстаўнікоў Партыі БНФ„, — сказала яна.
Ярмошына паведаміла, што выбарчыя камісіі ўжо прымаюць заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. У іх неабходна ўключыць ад трох да дзесяці чалавек.
Як паведамлялася, ад грамадзян шляхам падачы заявы ў склад акруговых камісій уключана 1.188 чалавек, ад працоўных калектываў — 384, грамадскіх аб’яднанняў — 2.239, палітычных партый — 293.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў пройдзе з 10 снежня 2017 года па 8 студзеня 2018 года ўключна.
Мясцовыя выбары адбудуцца 18 лютага 2018 года. БелаПАН