„Яшчэ адна гордая беларуска вымушаная бегчы са сваёй краіны”
Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль „рады бачыць, што спартсменка Крысціна Ціманоўская паспяхова прыбыла ў Польшчу”. Пра гэта еўрачыноўнік напісаў у „Твітэры”.
„Аднак яшчэ адна гордая беларуска была вымушаная бегчы са сваёй краіны з-за дзеянняў рэжыму Лукашэнкі і парушэння алімпійскага перамір’я”, — панаракаў Барэль.
4 жніўня беларуская бягуха прыбыла з Токіа праз Вену ў Варшаву. Пасольства Польшчы ў Японіі выдала спартсменцы гуманітарную візу. Польскія ўлады абяцалі паспрыяць працягу яе спартыўнай кар’еры.
Канфлікт Ціманоўскай з кіраўніцтвам беларускай нацыянальнай зборнай на Алімпійскіх гульнях у Токіа паўстаў пасля таго, як яна публічна адмовілася бегчы не сваю дыстанцыю, запоўніўшы вакансію ў эстафетнай чацвёрцы. Недахоп спартсменак узнік пасля адхілення дзвюх з іх па прычыне недастатковай колькасці здадзеных допінг-пробаў.
Ціманоўскую адхілілі ад Алімпіяды, матываваўшы гэта яе „эмацыйна-псіхалагічным станам”, і купілі авіябілет да Менска. У такійскім аэрапорце яна звярнулася па дапамогу да паліцэйскіх.