Яшчэ невядома, каму больш нашкодзілі
У якасці адказу на новыя санкцыі Еўрапейскага Звязу Беларусь прыпыняе ўдзел у ініцыятыве “Усходняе партнёрства”. 28 чэрвеня пра гэта заявілі кіраўніку прадстаўніцтва ЕЗ у Менску Дзірку Шубелю, якога выклікалі ў Міністэрства замежных спраў, і прапанавалі выехаць у Брусель для кансультацый. Прыгадаю, што праект “Усходняе партнёрства” скіраваны на паглыбленне адносін з шасцю постсавецкімі краінамі: Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай. Акрамя таго, Беларусь плануе прыпыніць дзеяння пагаднення з Еўразвязам аб рэадмісіі, шэрагу еўрапейскіх палітыкаў і чыноўнікаў забаронены ўезд у Беларусь. Да таго ж рыхтуюцца і іншыя контрсанкцыі, у тым ліку эканамічнага характару.
І хоць афіцыйны Менск называе сваю пазіцыю “цвёрдай” і заяўляе, што санкцыі як інструмент націску на незалежную дзяржаву – абсалютна непрымальныя, тым не менш аналітыкі іранізуюць з гэтых контрсанкцый. Маўляў, гэта чарговае “бамбаванне Варонежа”. Да прыкладу, прыпыненне пагаднення аб рэадмісіі негатыўна адаб’ецца на змаганні з нелегальнай міграцыяй і арганізаванай злачыннасцю. Да таго ж гэта азначае і вяртанне да дарагіх шэнгенскіх віз, якія падаражэюць з 35 да 80 еўра, бо гэта пагадненне ідзе ў адным пакеце з Пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму. Беларусь страціць мільёны еўра, і не зможа хваліцца сваёй так званай шматвектарнай палітыкай, бо вектараў застаецца не шмат, пераважна Кітай ды Расея. Старшыня Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль напісаў у сваім Твітары, што “гэта яшчэ больш узмоцніць напружанасць і выразна негатыўна адаб’ецца на жыхарах Беларусі, пазбавіўшы іх магчымасцяў, якія дае наша супрацоўніцтва”.
Дарэчы, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі напярэдадні ў нашым эфіры падкрэсліў, што ініцыятыва “Усходняе партнёрства” стварыла такую платформу, на якой Беларусь разам з іншымі ўдзельнікамі, магла развіваць адносіны з Еўрапейскім Звязам па самых розных напрамках: эканоміка, дзяржаўнае кіраванне, свабоднае перамяшчэнне грамадзян, што служыла выключна інтарэсам беларусаў. Таму паўстала ініцыятыва, каб Беларусь на мерапрыемствах “Усходняга партнёрства” прадстаўлялі дэмакратычныя сілы на чале са Святланай Ціханоўскай. Праўда, у гэтай прапанове ёсць адна загваздка. Дасягнутыя Ціханоўскай пагадненні і так не будуць мець ніякай сілы ў Беларусі. Так што пакуль можна канстатаваць далейшы рост напружання і больш глыбокую самаізаляцыю Беларусі.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.