Мечыслаў Яськевіч: Я прыхільнік таго, каб не выносіць смецця з хаты
У Гародні паўстала яшчэ адна польская арганізацыя, якая чакае рэгістрацыі. Яе назвалі „Супольснасць польская”. Дзейнічаць яна будзе пакуль як рэгіянальная арганізацыя польскай меньшасьці у Беларусі і ахопліваць будзе Гарадзеншчыну. Раскол у Саюзе палякаў Беларусі, на думку былога кіраўніка Мечыслава Яськевіча, паўстаў на глебе жадання легалізацыі арганізацыі.
Паводле Мечыслава Яськевіча, адзіннаццаць гадоў у нелегальным стане – надта вялікі тэрмін.
– Праблема і для польскага ўрада, і для беларускіх улад, каб гэта нарэшце ўрэгуляваць. Я стараюся давесці да ўлады, што трэба легалізаваць Саюз і якімсьці чынам развязаць гэтую сітуацыю. Я прайграў выбары. Я думаў, што і Саюз, і цяперашняя ўлада пойдуць у кірунку легалізацыі. Але кіраўніцтва Саюза пайшло іншым шляхам. Гэта не спадабалася і дзеячам Саюза палякаў, і настаўнікам, якія працуюць у школах і выкладаюць польскую мову. 10 лютага адбылося паседжанне рады, на якім прынялі рашэнне стварыць арганізацыю, якая будзе займацца тымі самымі справамі, але ў атмасферы спакою. Чатыры гады, калі я быў кіраўніком, ніхто нас не чапаў, мы спакойна працавалі. І людзі былі задаволеныя. Таму і паўстала рашэнне стварыць супольнасць, якая будзе займацца справамі культуры, асветы і традыцый.
Анжаліка Борыс, старшыня Саюза палякаў Беларусі:
– Факт, што праз былога кіраўніка арганізацыі быў парушаны статут: не перададзены дакументы, забрана маёмасць арганізацыі і непадпарадкаванне галоўнай радзе. Гэтая сітуацыя, канешне, непрыемная для нас. Але пра яе мы не можам не гаварыць. Сітуацыя падобная да гэтай была ў 2005 годзе, калі Тадэвуш Кручкоўскі таксама не падпарадкаваўся статуту арганізацыі.
Мечыслаў Яськевіч: За аснову статуту нашай арганізацыі мы ўзялі статут Саюза палякаў і аб’яднання “Польска мацеж школьна”. Ужо падрыхтаваныя дакументы, каб перадаць іх на рэгістрацыю ў Мінюст. Арганізацыя абласная, бо мы лічым, што 80% палякаў, якія жывуць у Беларусі, гэта Гарадзеншчына. Хоць ёсць сігналы з Менскай і Берасцейскай абласцей, чаму мы адразу не ствараем рэспубліканскую? Мы адкрытыя для ўсіх, хто падтрымлівае нашыя ідэалы. Будзем імкнуцца да легалізацыі ў рамках Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая дазваляе нам дзейнічаць як польскай меншасці. Вядома, я ўжо казаў, што мы не з’яўляемся палітычнай партыяй. Наша задача – развіваць культуру, асвету і традыцыі польскага народа.
Анжаліка Борыс: Арганізацыі могуць стварацца. Гэта воля людзей. Але калі арганізацыя пачынае сваю дзейнасць з парушэння стуту і крадзяжу, я думаю, што гэта нядобры фактар.
Мечыслаў Яськевіч: Я прыхільнік таго, каб не выносіць смецця з хаты. Гэта не характэрна для палякаў. Але многім, магчыма, чым горш, тым лепш? Не магу гэта растлумачыць. Але з майго боку ніякіх вострых выказванняў у чыйсьці адрас ніколі не было і не будзе.
Анжаліка Борыс: Рада выказалася, што гэта недапушчальныя формы і метады працы. Другі крок – гэта выключэнне з арганізацыі. Саюз палякаў у наступным годзе будзе адзначаць сваё 30-годдзе. Арганізацыя будзе існаваць і будзе працаваць. Канешне, у гісторыі арганізацыі ёсць непрыемныя моманты для ўсіх нас, але гэта не значыць, што яна перастане існаваць.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.
Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара