Яўген Афнагель: У гэтым годзе рэпрэсіі ўзмоцняцца
Каардынатар “Еўрапейскай Беларусі” Яўген Афнагель, які 2 студзеня выйшаў з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, распавёў пра тое, чаму ўлады вырашылі дадаць страху ў грамадстве. Палітыка асудзілі за ўдзел у акцыях у абарону незалежнасці Беларусі, якія прайшлі 7 і 8 снежня ў Менску.
Яўген Афнагель: Улады да гэтага часу баяцца масавых акцый, не зважаючы на тое, якая колькасць людзей выйшла на вуліцу. Да таго ж, людзі, якія выходзяць пад бел-чырвона-белымі сцягамі, і якія змагаюцца за незалежнасць краіны, для прарасейскай улады таксама ў пэўным сэнсе з’яўляюцца ворагамі. Калі людзі змагаюцца, улада гэтага працэса баіцца і робіць звыклыя крокі – арыштоўвае, кідае за краты, запалохвае.
РР: На Ваш погляд, ці ўзмацняцца рэпрэсіі ў гэтым годзе?
Яўген Афнагель: Падчас восеньскай парламенцкай кампаніі, калі мы ладзілі збор подпісаў і пікеты, удалося паразмаўляць з тысячамі людзей. Мы бачым, што насамрэч падтрымка ўлады не такая і вялікая, якой яе прадстаўляюць прапагандысты. А адэкватных людзей, якія б выступалі ў падтрымку рэжыма, агулам не бачылі.
Мяркую, з гэтым і звязана даволі нервовая рэакцыя ўладаў на любыя масавыя акцыі. Таму зараз усё залежыць нават не ад апазіцыі, а ад народа, хаця, на мой погляд, у год прэзідэнцкай кампаніі ўлады не пабаяцца пайсці на ўзмацненне рэпрэсій.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Еўрарадыё