Яўген Дудкін: Дыялог толькі пры выкананні нашых умоваў
Гарадзенскі актывіст Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Яўген Дудкін патрапіў на першую сустрэчу па дыялогу з грамадскасцю, якую ў Купалаўскім універсітэце арганізавалі ўлады.
Актывіст на сустрэчы прадставіў ўмовы, пры якіх магчымы дыялог:
– Я агучыў, першае, наяўнасць палітычных зняволеных у нашай краіне, таксама агучыў факты гвалту ў адносінах да мірных пратэстоўцаў. Трэцяе, адсутнасць крымінальных справаў, якія мусяць быць заведзеныя ў адносінах да сілавікоў, якія ўжывалі гвалт і катаванні да грамадзян. І, канешне, агучыў ідэю, каб быў створаны часовы ўрад, які мае давер у грамадзян. І толькі пры ім праводзіць гэтую канстытуцыйную рэформу.
Яўген Дудкін, як каталіцкі вернік, нагадаў на сустрэчы і пра лёс арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча:
– Самае важнае для мяне было данесці пазіцыю грамадства, што закон у нашай краіне не дзейнічае. І прывёў факт таго, што не дазваляюць вярнуцца ў Беларусь арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу. Гэта незаконна. Як грамадзянін, як хрысціянін я вымушаны быў выказаць тое, што дзеецца ў нашай краіне і тыя ўмовы, якія сапраўды могуць прывесці да дыялогу на падставе даверу.
Па словах Яўгена Дудкіна, яго выступ спрабавалі сарваць, і ў знак пратэсту актывіст пакінуў залу, дзе адбывалася мерапрыемства.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня