Яўген Марчук – новы прадстаўнік Украіны ў трохбаковай кантактнай групе
Яўген Марчук прызначаны новым прадстаўніком Украіны ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні канфлікту ў Данбасе.
Такое рашэнне прыняў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, паведаміла першы віцэ-спікер Вярхоўнай рады, украінскі прадстаўнік у гуманітарнай падгрупе Ірына Герашчанка на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.
З 2015 года Марчук прадстаўляў Украіну ў рабочай падгрупе па пытаннях бяспекі.
„Яўген Кірылавіч усе гэтыя цяжкія гады годна прадстаўляў Украіну ў падгрупе па бяспецы. Ён добра арыентуецца ў праблематыцы менскіх перамоў і жорстка адстойвае нацыянальныя інтарэсы Украіны”, — адзначыла Герашчанка.
Леанід Кучма пакінуў пасаду прадстаўніка Украіны ў кантактнай групе 2 кастрычніка. Ён займаў яе з 2014 года.
У СМІ выказвалі меркаванні, што новым прадстаўніком Украіны ў кантактнай групе можа стаць Віктар Юшчанка.
Яўген Марчук нарадзіўся 28 студзеня 1941 года. Былы супрацоўнік КДБ СССР. У 1991—1994 гадах быў першым кіраўніком Службы бяспекі Украіны. У 1995—1996 гадах займаў пасаду прэм’ер-міністра Украіны.
Фота: rudenko.kiev.ua