Яўген Меркіс: Чакаць новай хвалі пратэстаў увесну не выпадае
Чакаць новай хвалі пратэстаў увесну не выпадае, – так лічыць журналіст Яўген Меркіс.
На ягоную думку, для аднаўлення акцый пратэсту адсутнічаюць перадумовы.
– Нам хацелася б, каб так было. Але, на жаль, я не бачу для гэтага перадумоваў. Бо відавочна, што пратэстоўцы стаміліся. Фармат трэба мяняць. Як яго мяняць, ніхто толкам не ведае. Гэтай вясной чакаць, што людзі вось раптам выйдуць, то не выходзілі, іх лавілі, саджалі, суткі давалі, і гэта дзейнічала. А тут яны раптам перастануць баяцца…
Палітык Васіль Палякоў мяркуе, што акцыі пратэсту могуць прайсці ў сталіцы.
А вось у рэгіёнах наўрад ці будзе паўтарэнне лета і восені 2020 года.
– У пэўнай ступені пратэсты будуць, будзе традыцыйны Дзень Волі, будзе традыцыйны Чарнобыльскі шлях і будзе шмат удзельнікаў. Але гэта найперш размова ідзе пра Менск. Што тычыцца рэгіёнаў, тут я скептычна стаўлюся да таго, што будзе нейкі пад’ём. Таму што праваахоўныя органы папрацавалі ў тым кірунку, каб запалохаць, каб збіць гэты пратэстны патэнцыял.
Акцыі пратэсту ў Беларусі цягнуцца ўжо сем месяцаў. Аднак апошнімі месяцамі яны набылі выгляд партызанінгу.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель