Яўген Парчынскі: Я даўно для мясцовай улады як костка ў горле



У Наваполацкім судзе ідуць судовыя слуханні па абвінавачванні грамадскага актывіста Яўгена Парчынскага ў парушэнні артыкулу Крымінальнага кодэксу. Сам актывіст лічыць гэтую справу “пераследам за сваю дзейнасць”. Парчынскаму інкрымінуюць падзеі, якія адбыліся аж у 2009- 2012 гадах. Абвінавачванні звязаныя з пасярэдніцтвам ў атрыманні фальшывых бальнічных і позваў у міліцыю для трэціх асоб. Сам Яўген абвінавачванні не прызнае.

Наступнае пасяджэнне прызначана на 19 жніўня.

Яўген Парчынскі: Пяць гадоў таму, за год да прэзідэнцкіх выбараў, я збіраўся ўзначаліць перадвыбарчы штаб кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча па Полацкаму і Наваполацкаму рэгіёну. І тут даведваюся, што супраць мяне распачалася крымінальная справа. Я не веру ў такія супадзенні.

РР: Вам інкрымінуюць пасярэдніцтва ў атрыманні фальшывых бальнічных і позваў у міліцыю?

Яўген Парчынскі: Я не адмаўляю, што дапамагаў некаторым знаёмым патрапіць на прыём да ўрачоў, якіх ведаў. На гэтым і вырашылі злавіць. А дакладней – знайшлі людзей, якія далі супраць мяне паказанні. Ці то ім пагражалі, ці то нешта паабяцалі… Я не ведаю. Аднак і тыя ўрачы, якія быццам бы выпісвалі фальшывыя бальнічныя, а на судзе праходзяць сведкамі, называюць сітуацыю трызненнем.

РР: Наколькі вядома, гэтую справу пяць гадоў таму спынілі…

Яўген Парчынскі: Так, адвакат яшчэ на стадыі следства даў зразумець следчым, што справа нікчэмная і разваліцца ў судзе. Яе спынілі. Але ж час ідзе, стары “шкілет” вырашылі выцягнуць з шафы. І дзівоцтвы пачаліся яшчэ ў верасні мінулага году, калі да мяне на кватэру прыйшлі з вобшукам, хоць нічога і не знайшлі. Магчыма, гэта было звязана з доктарам Ігарам Пастновым, якога за пошукі праўды накіравалі ў псіхіятрычную бальніцу. Ігар змог перадаць ліст з бальніцы, але за дзень да вобшуку я перадаў яго ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Можа быць, тады гэты ліст і шукалі?

РР: Але чаму аднавілі справу?

Яўген Парчынскі: Я для мясцовых уладаў ужо даўно, як костка ў горле, таму, напэўна, вырашылі нейтралізаваць. Я працаваў у перадвыбарчых штабах Аляксандра Казуліна, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Уса, балатаваўся на мясцовых выбарах ад кампаніі “Гавары праўду”. Праз год – чарговыя прэзідэнцкія выбары ў краіне, я ізноў планаваў актыўна дапамагаць дэмакратычным кандыдатам… Усё гэта асобным людзям, безумоўна, не падабаецца. Але, паверце, нават калі мяне ізалююць, то будзе каму замяніць.

РР: Хто вас падтрымлівае ў такі складаны перыяд?

Яўген Парчынскі: Я хачу падзякаваць усіх, хто працягнуў руку дапамогі ў насамрэч складаны для мяне жыццёвы перыяд. Гэта і праваабаронцы-“вясноўцы”, і кампанія “Гавары праўду”, Дзмітрый Ус, дэмакратычная грамадскаць нашага рэгіёна… Такая падтрымка надае моцы і застаўляе верыць у лепшае. А якім яно будзе – пабачым…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vitebskspring.org