Яўген Васьковіч упершыню за 4 гады сустрэўся з маці
Маці палітзняволенага Яўгена Васьковіча Рушання Іванаўна мела доўгатэрміновае спатканне з сынам у Магілёўскай калоніі № 15. Спатканне працягвалася суткі.
Па словах маці, Яўген выглядае добра, на здароў’е не скардзіцца, працуе на вытворчасці:
– Працуе, усім прывітанне перадае, удзячнасці, не сумуе, газеты чытае – высылаюць яму, выпісваюць. Кнігі чытае, вось ужо выслала, усё атрымаў так, што ёсць пакуль заняцца чым. Чакае, што без пакаранняў будзе, то можа раней выпусцяць. Там будзе перагляд у верасні, як перавялі, тады можна пераглядаць справу можа на меншы тэрмін.
Яўген Васьковіч асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за акцыю пратэсту супраць палітычных рэпрэсій. Малады чалавек кінуў бутэльку з „кактэйлем Молатава” на ганак будынку КДБ у Бабруйску, што было кваліфікавана як злоснае хуліганства і пашкоджанне маёмасці. У няволі Васьковіч знаходзіцца ўжо больш за 4 гады.
Беларускае Радыё Рацыя