Ёганэс Ган сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі (абноўлена)



16—17 красавіка з візітам у Беларусі знаходзіцца еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Ёганэс Ган.

Johannes Hahn

Грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі стала адной з асноўных тэм на сустрэчы Ёханэса Гана з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл, якая адбылася ў Менску.

Еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы суседзтва Ёганэс Ган 16 красавіка сустрэўся ў Менску з апазіцыйнымі палітыкамі, сярод якіх былі Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў, Аляксей Янукевіч, Ірына Вештард і Вольга Кавалькова.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначае, што гэты візіт важны, паколькі цяпер Брусель думае над перафарматаваннем «Усходняга партнёрства»:

– У гэтай новай стратэгіі мы, на жаль, не лідары. Мы – аўтсайдары. З гэтага вынікае, што губляе шэраговы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, пачынаючы ад больш свабоднага выезду ў краіны Еўропы, працаўладкавання, навучальных праграм і так далей. Больш набывае, канешне,  Украіна, Малдова і Грузія.

„Была адкрытая і шчырая размова. Ёханэс Ган не толькі арыентуецца ў фактах, якія тычацца Беларусі, але і разумее пагрозы і выклікі, што стаяць перад беларускім грамадствам і дзяржавай. Гэта пазітыўны знак”, — заявіў удзельнік сустрэчы – лідар партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Паводле яго слоў, уздымаліся пытанні пагрозы незалежнасці Беларусі, сітуацыі ў рэгіёне, праблема палітзняволеных, пытанні дыялогу паміж уладамі Беларусі і ЕЗ, а таксама прагаворваліся магчымыя сцэнарыі развіцця падзей на прэзідэнцкіх выбарах гэтага года.

Чакаецца, што сёння  Ёганэс Ган  будзе сустракацца з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, магчыма таксама з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

* * *

На 16 красавіка запланаваныя сустрэча з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі, сем’ямі палітычных вязняў, а таксама з прадстаўнікамі ўлады.

Паводле міжнароднага палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, візіт высокапастаўленых еўразвязаўскіх чыноўнікаў азначае пацяпленне адносінаў на лініі Брусель – афіцыйны Менск.

– Мы бачым, што рэпрэсіі ўзмацняюцца. Днямі з’явілася інфармацыя, што чакаецца і магчымы чарговы прысуд Мікалаю Статкевічу. І гэта адбываецца на фоне візіту еўракамісара. Лукашэнка гэта так разумее: сюды прыязджаюць такія ўплывовыя чыноўнікі, то значыць ён усё правільна робіць.

Ёганэс Ган упершыню наведвае Беларусь у якасці камісара па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах пра пашырэнне. Візіт адбываецца ў рамках наведвання камісарам усіх шасці краін «Усходняга партнёрства» напярэдадні Рыжскага саміту.

Пра гэта сведчыць і візіт ў Менск прадстаўніка польскага МЗСу, былога амбасадара Польшчы ў Расеі Войцэха Заёнчкоўскага.

– У Менску ўжо вельмі высокая асоба з польскага МЗС. Плануецца таксама сустрэча ў так званым Веймарскім фармаце – гэта Германія, Польшча і Славакія. На ўзроўні важкіх дэпартаментаў. Вось, напрыклад, Заёнчкоўскі, гэта дэпартамент знешніх сувязяў – вельмі ўплывовы дэпартамент у Польскім МЗСе.

Галоўная мэта візіту – вывучыць магчымасці для паляпшэння адносін паміж ЕЗ і Беларуссю.

Запланаваныя таксама сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных справаў Беларусі Уладзімірам Макеем.

* * *

На сёння запланаваная  ягоная сустрэча з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі. Сярод запрошаных – прадстаўніца Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Вольга Кавалькова:

– Спадзяюся, што будзе данесеная такая пазіцыя, што ўсё ж такі дыялог з афіцыйнымі ўладамі магчымы толькі тады, калі ён абумоўлены нейкімі крокамі ўладаў насустрач дэмакратычным зменам. Але, на жаль, пакуль ні дэмакратычная супольнісць, ні грамадзяне Беларусі гэтага не бачаць. Сітуацыя з палітвязнямі толькі пагаршаецца, таму трэба, каб дэмакратычная супольнасць прымала ўдзел ва ўсіх перамовах і сустрэчах.

Гэта першы афіцыйны візіт ў Беларусь  Ёганэса Гана. Галоўная мэта візыту — вывучыць магчымасці для паляпшэння адносін паміж ЕЗ і Беларуссю.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства Ёганэс Ган 16 красавіка падчас свайго першага афіцыйнага візіту ў Беларусь сустрэнецца з сем’ямі палітычных вязняў.

Гэтая сустрэча пацверджана і яна павінна адбыцца сёння, паведаміла жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч.

Чакаецца, што высокі прадстаўнік Еўразвязу правядзе таксама сустрэчы з  лідарамі „сямёркі”  – прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі, а таксама з праваабаронцамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

У рамках візіту камісара Гана адбудзецца шэраг афіцыйных сустрэч,між іншым – з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам ды ў міністэрстве замежных спраў.

Афіцыйны двухдзённы візіт Ёганэса Гана праходзіць у рамках наведвання камісарам усіх шасці краін «Усходняга партнёрства» напярэдадні Рыжскага саміту. Галоўная мэта візіту — вывучыць магчымасці для паляпшэння адносін паміж ЕЗ і Беларуссю.

* * *

Яшчэ не вядома ці еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства Ёганэс Ган у час свайго першага афіцыйнага візіту ў Беларусь сустрэнецца з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі.

Як паведаміў лідар партыі БНФ Аляксей Янукевіч, такая сустрэча плануецца, аднак у сувязі з вельмі насычаным графікам еўракамісара такая сустрэча пакуль пад пытаннем:

– Я разумею, што вельмі насычаны графік, магчыма ёсць нейкія палітычныя моманты. Калі такая сустрэча адбудзецца, то гэта будзе вельмі правільна. Адно з сноўных пасланняў, якое хацелася б данесці, у тым ліку і на самым высокім узроўні, вельмі важна паралельна з развіццём дыялогу з афіцыйным Менскам, каб не адбывалася скарачэння кантактаў з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыяй, так як мы гэта назіралі ў 2008 – 2010 гадах.

Як паведамляе прадстаўніцтва Еўрапейскага Звязу ў Беларусі, 16–17 красавіка Ёганэс Ган упершыню наведае Беларусь у якасці камісара па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні супрацы.

Візіт адбудзецца ў рамках наведвання камісарам усіх шасці краін «Усходняга партнёрства» напярэдадні Рыжскага саміту. Галоўная мэта візіту — вывучыць магчымасці для паляпшэння адносін паміж ЕЗ і Беларуссю.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота oevp.at