Ёсць пытанні, якія пасля выбараў у Расеі варта сур’ёзна абмеркаваць



Аляксандр Лукашэнка і дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота падчас сустрэчы 12 сакавіка ў Менску абмеркавалі пералік пытанняў і тэрміны правядзення пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета (ВДС) Саюзнай дзяржавы, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Дата правядзення ВДС не называецца. Апошні раз Вышэйшы дзяржсавет збіраўся 30 чэрвеня 2017 года ў Маскве. 

„Ёсць шэраг пытанняў, якія пасля прэзідэнцкіх выбараў нам варта сур’ёзна абмеркаваць, прааналізаваўшы сітуацыю. І ў сферы ваенна-палітычнай супрацы, і ў сферы эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі. Думаю, што фармат Саюзнай дзяржавы для гэтага падыходзіць. Таму нам варта абмеркаваць з вамі, якія актуальныя пытанні мы вынесем на разгляд Вышэйшага дзяржаўнага савета, і пагаварыць пра тое, калі прыкладна мы зможам правесці ВДС”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

„У нас у Беларусі ўсе сыходзяцца ў меркаванні, што калі атрымаецца ў новаабранага прэзідэнта Расеі наведаць Беларусь і адначасова правесці пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета, было б нядрэнна. Таму і гэтую тэму нам трэба з вамі абмеркаваць, ну а потым прапануем новаму прэзідэнту правесці такую сустрэчу ў Менску, і правесці яе ў межах пасяджэння ВДС. Ёсць што абмеркаваць”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Да гэтага неабходна, каб урады і ведамствы дзвюх краін прапрацавалі адпаведныя пытанні, дадаў прэзідэнт. „Каб зноў не выкідвалася гэта на ўзровень прэзідэнтаў — тое, што павінны вырашаць міністры і іншыя чальцы ўрада”, — адзначыў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, у Расеі ва ўмовах прэзідэнцкай выбарчай кампаніі актывізуюцца не толькі рознага роду эліты, зацікаўленыя людзі, але і грамадства ў цэлым. „У Беларусі таксама мы назіраем і адчуваем гэты пульс. І ўсё гэта не можа не адбівацца і на Беларусі. Але, на нашую радасць, да лепшага. Таму што не толькі актывізуецца грамадства напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, але і эканоміка. А паколькі найцяснейшым чынам нашы эканомікі звязаныя, спалучэнне высокае, натуральна, гэта ў плюс і для Беларусі. Галоўнае гэты тэмп і пасля выбараў падтрымаць. Думаю, зможам”, — сказаў афіцыйны лідар.

Рапота падкрэсліў, што парадкі дня маючых адбыцца пасяджэнняў Савета міністраў і Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы сфармаваныя.

Прэзідэнцкія выбары ў Расеі пройдуць 18 сакавіка.

БелаПАН