Юрась Беленькі: Дуда больш рэзка ацэньвае палітыку, якую праводзіць Расея
Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі распавядае, якія праблемы для беларускай улады можа стварыць абранне ў Польшчы прэзідэнтам Анджэя Дуды.
Беларускія палітыкі працягваюць абмяркоўваць абранне ў Польшчы новага прэзідэнта.
Юрась Беленькі: Увогуле, выбар палякаў у бок Дуды быў у тым ліку і таму, што апошні больш рэзка і радыкальна ацэньвае палітыку, якую праводзіць Расея. Ён прапаноўвае польскаму грамадству больш рашучыя дзеянні для таго, каб спыніць магчымую агрэсію з боку гэтай краіны. Дадам, што выбар быў зроблены і на фоне трагедыі, калі разбіўся польскі прэзідэнцкі самалёт. Анджэй Дуда больш казаў праўду пра тую трагедыю. Думаю, у тых людзей, якія пільна сачылі за падзеямі катастрофы і пасля яе, не засталося сумненняў, што трагедыя была невыпадковай. Мне здаецца, што прэзідэнт Камароўскі не зрабіў усё, каб была поўная зразумеласць па фактах трагедыі. Анджэй Дуда гэтую праўду казаў і рабіў усё, каб была бяспека польскай дзяржавы.
РР: На ваш погляд, ці зменіцца зараз нешта ў польска-беларускіх стасунках?
Юрась Беленькі: Цяжка сказаць. Беларускія ўлады знаходзяцца ў вялікай залежнасці ад Крамля. І вось менавіта ў гэтым можа палягаць праблема. Калі аб’ектыўна, то Беларусь мусіць быць зацікаўлена ў добрых адносінах з бліжэйшым суседам – Польшчай. Але менавіта па загадах з Масквы гэтыя адносіны могуць быць і не такімі добрымі, як хацелася б. Мы бачым, што Расея адарвалася ад рэчаіснасці – яе палітыка, мякка кажучы, ненармальная ў адносінах да Украіны, да Захаду. А Беларусь прывязана да Крамля так, што не адарвацца. І гэта вельмі небяспечна. Таму, як мне падаецца, калі Масква скажа не сябраваць з Польшчай, то афіцыйны Менск можа і на гэта пайсці, хоць такое становішча будзе супярэчыць інтарэсам беларускага народу. З улікам расейскага фактара я нават з трывогай гляджу на будучыя адносіны нашай краіны не толькі з Польшчай, але з іншымі краінамі Захаду.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя