Юрась Беленькі: Масква паслядоўна заганяе Беларусь у свае абдымкі
Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі пералічвае пагрозы, якія сёння маюцца для незалежнасці Беларусі.
Юрась Беленькі: Небяспека для незалежнасці вялікая, і такую выснову можна зрабіць, аналізуючы шэраг падзей, якія мы назіраем. Масква паслядоўна заганяе Беларусь у свае абдымкі.
Руская мова – адзін з інструментаў уздзеяння. Калі глядзець на сітуацыю праз прызму распрацовак расейскіх спецыялістаў па вядзенні інфармацыйнай вайны, то ўсё што робіцца ў Беларусі, робіцца менавіта па гэтай схеме. Расейскія ўлады даюць вялікія гранты на “апрацоўку” моладзі ў Беларусі, асабліва ў памежных з Расеяй рэгіёнах.
У сферы эканомікі – тое самае. Банкаўская сфера паступова пераходзіць ва ўласнасць Расеі, прадалі Маскве “Белтрансгаз”. Зараз у Беларусі пабудавалі на расейскія грошы атамную станцыю. Замест таго, каб развіваць альтэрнатыўныя крыніцы атрымання энергіі, мы ланцугамі прывязалі сябе да Масквы гэтай станцыяй.
Уся сістэма гэтых чыннікаў сведчыць, што Расея праводзіць палітыку на тое, каб Беларусь паступова губляла незалежнасць.
РР: Беларускія ўлады заяўляць, што такога ніколі не здарыцца…
Юрась Беленькі: Натуральна, яны будуць супраціўляцца, бо лепш быць прэзідэнтам краіны чым кіраўніком губерніі. Альбо паказваць людзям, што ты змагаешся ў гэтым накірунку, а паступаць зусім інакш.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя