Юрась Беленькі: Нармальная дзяржава найперш мусіць аднавіць законнасць
Улады дэкларуюць у Курапатах стварыць мемарыяльны комплекс. Галоўнае, каб не закаталі ўсё ў бетон, як кажа намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі. Чарговы раз актывістам давялося бараніць месца масавых пахаванняў сталінскіх рэпрэсій, калі паблізу незаконна пачалі будаваць бізнес-цэнтр. Цяпер з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі прагучала дэкларацыя стварыць там мемарыяльны комплекс. Палітычныя матывацыі кіраўніка дзяржавы каментуе палітык Юрась Беленькі.
Юрась Беленькі: Абсалютна відавочна, што гэта палітычная матывацыя такіх рашэнняў па Курапатах. Я проста хачу нагадаць, што яшчэ ў канцы 80-х гадоў Савет міністраў БССР усталяваў у Курапатах камень, дзе напісалі, што тут будзе пабудаваны помнік нявінным ахвярам сталінскага рэжыму.
Яшчэ ў свой час, будучы дэпутатамі Вярхоўнага Савета, мы спрычыніліся да таго, каб прымусіць Савет міністраў прызнаць гэта помнікам першай катэгорыі. Але атрымалася ўсё такім чынам, што пасля 1994 года ў Беларусі да ўлады прыйшлі людзі з яўнай арыентацыяй на Расею і героіку Другой сусветнай вайны, а дакладней Вялікай Айчыннай, і яны ніяк не маглі спрыяць Курапатам. Камень стаіць, шыльдачка стаіць, але паспрыяць абароне гэтага помніка такія людзі не маглі, бо яно ішло ў разрэз з героікай савецкага часу. Савецкі час напоўнены трагедыяй. Гэта фактычна генацыд беларусаў ва ўсходняй Беларусі. Таму ўсё рабілі, не каб абараніць гэтае месца, спрыяць таму, каб даведаліся людзі, годна ўшанаваць яго. Яны рабілі ўсё наадварот – каб знішчыць. Гэта і будаўніцтва кальцавой дарогі, і непрыняцце мераў датычна пастаянных актаў вандалізму. Здаралася, што мы самі, сябры Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, лавілі вандалаў, здавалі іх міліцыі. І да суда не даходзіла: міліцыя іх адпускала. Гэта была відавочная пазіцыя ўладаў.
РР: Вось у Курапатах хочуць зрабіць мемарыял. І каб зрабіць усё па-людску, як гэта павінна быць, паводле вас?
Юрась Беленькі: Хто хоча зрабіць мемарыял?
РР: Улады гавораць пра гэта. Уявіць сабе, што заўтра прыйдуць да вас і скажуць, што хочуць зрабіць мемарыял, і запытаюцца, як гэта зрабіць. Што б вы адказалі?
Юрась Беленькі: Па-першае, мемарыял ужо створаны. Народны мемарыял. Улады ведаюць тое ж, што і я.
Калі казаць пра Курапаты, то людзей, якія ўпершыню прыходзяць сюды, найбольш уражвае натуралізм гэтага месца: гэтая яма, ландшафт. А крыжы сакралізуюць гэтае месца, напаўняюць яго сакральным зместам.
А што хочуць зрабіць улады? Напэўна, заліць усё бетонам, зраўняць, каб знікла ў людзей вастрыня адчування гэтага трагічнага месца.
РР: Я думаю, там больш ідзе гаворка пра вызначэнне ахоўных зонаў, каб не было больш канфліктаў, як з будаўніцтвам цэнтра.
Юрась Беленькі: Я заявіў у першы ж дзень, калі стала вядома пра гэта: найперш мусіць выконвацца закон. А гэта значыць, што пракуратура мусіць прыняць меры, бо тут мае месца альбо карупцыйная схема, альбо нешта блізкае да гэтага. Крымінальны кодэкс мусіць дзейнічаць тут. Калі спачатку выдзяляецца ўчастак, а потым гэтая зямля выводзіцца з ахоўных зон, то не трэба быць юрыстам, каб разумець, што тут адбываюцца сур’ёзныя парушэнні заканадаўства.
Першы крок – аднаўляецца закон і вяртаецца статус ахоўнай зоны. А пасля гэтага пракуратура мусіць правесці дэталёвае расследаванне, чаму гэты закон быў так брутальна парушаны. І калі будзе ўстаноўлена віна пэўных службовых асобаў, то каб былі прыняты пракуратурай адпаведныя меры: ці пачатак крымінальных спраў, ці пазбаўленне гэтых людзей іхніх пасад па недаверы. Нармальная дзяржава перш-наперш мусіць аднавіць законнасць, дзеянне закона. Вось што галоўнае.
“А мемарыял народны ў Курапатах сёння есць”, – нагадвае намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі. У Курапатаў – статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі.
Цалкам гутарка з Юрасём Беленькім у праграме «Мы бачым» сёння а 19.30 паводле беларускага часу, у Польшчы на гадзіну раней.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя