Юрась Беленькі спадзяецца прыцягнуць да адказнасці чыноўніка
Прыцягнуць да адказнасці намесніка старшыні Менскага гарадскога выканаўчага камітэту з такой заявай да пракурора Менску звярнуўся прадстаўнік Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі.
Палітык лічыць, што чыноўнік перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы, калі самастойна прыняў рашэнне пра аплату паслуг за ахову дазволеных гарадскімі ўладамі масавых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню памяці продкаў “Дзяды”.
Адказным за іх правядзенне з’яўляўся менавіта Юрась Беленькі:
– Намеснік старшыні Менгарвыканкаму Карпенка перавысіў службовыя паўнамоцтвы. Выканкам не прымаў рашэнне аб аплаце, але ён у сваім лісце запатрабаваў, і таму мяне судзілі абсалютна незаконна. Суд сыходзіў з таго, што рашэнне выканкаму было. Але рашэння гэтага не было! Гэта адназначна высветлена. Зараз пракуратура мусіць праверыць: ці было на самай справе рашэнне выканкаму. А калі іх выставіў чыноўнік ад свайго імя, то ён перавысіў паўнамоцтвы і адпаведна мусіць несці адказнасць.
Юрась Беленькі просіць прыняць меры пракурорскага рэагавання ў сувязі з незаконнымі дзеяннямі намесніка старшыні Менгарвыканкаму Карпенкі і прыцягнуць яго да адказнасці. Менавіта з-за гэтага парушэння парадку правядзення масавага мерапрыемства — мітынгу ў Курапацкім лесе і шэсцяў на Дзяды 2 лістапада, а таксама ў Лошыцы, агульная сума штрафаў Беленькаму, па выніках трох судоў, склала 11 мільёнаў 250 тысяч рублёў, паведамляе правабарончы цэнтр «Вясна».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя