Юрась Беленькі: У Беларусі хакей – палітызаваны



6 траўня стартуе чэмпіянат света па хакеі, які пройдзе з 6 па 22 мая ў Расеі. Палітык і спартовы заўзятар Юрась Беленькі распавядае, чаму ў Беларусі хакей стаў “вычварнай з’явай”.

Юрась Беленькі

Юрась Беленькі: Мне наогул не хочацца сачыць за тым, што адбываецца ў беларускім хакеі. Можа быць, і сачыў бы, але гэты від спорту стаў нейкай вычварнай з’явай. Ён палітызаваны. Вось з’явіўся ў краіне хакеіст пад нумарам адзін, і пайшлі грошы ў від спорту. Але ўсё гэта ненатуральна, штучна. Ды і шматлікія лядовыя палацы, мяркую, будуюцца не толькі для таго, каб хакей развіваць. Скажам так, вельмі цікавы шлях праходзяць дзяржаўныя грошы, якія накіроўваюцца на гэтыя аб’екты. Таму ў мяне не вельмі прыемныя асацыяцыі з хакеем. 

РР: Вы лічаце, што грошы, якія выдаткавалі на будаўніцтва лядовых палацаў, на развіццё хакея, сябе не апраўдваюць?

Юрась Беленькі: Мне адзін прараб, які працаваў на будаўнітве спартыўнага аб’екта, распавёў, як там у іх усё адбываецца. Гэта проста жах!  Плацяць як быццам бы за адно, а на будаўніцтва ідзе зусім іншае. Розніца – амаль 40 адсоткаў у цане. Хто не разумее, як трэба працаваць, таму “тлумачаць”. Вось для чаго ўсё гэта робіцца. Калі вы будуеце сабе кватэры, то ведаеце, колькі каштуе ваш квадратны метр. А там жа нельга ўсё гэта нават пракантраляваць.

РР: Але ж спартыўныя аб’екты, напэўна, дадаюць здароўя нацыі?

Юрась Беленькі: Якое там здароўе, калі гэтыя аб’екты стаяць паўпустыя, на іх канцэрты ў асноўным праводзяць. Яны ж амаль не акупляюцца, выдаткі вялізныя. Гэта абсалютна бесталковая рэч, якая эканамічна неэфектыўная.

РР: Заўтра зборная Беларусі будзе гуляць са зборнай Фінляндыяй. Можа быць, усё-такі зробіце прагноз на гульню?

Юрась Беленькі: На мой погляд, фіны, калі згуляюць на поўную моц, не пакінуць шанцаў беларусам. Але, як кажуць, усё магчыма. Нягледзячы на ўсё, я жадаю нашай камандзе перамогі.

РР: Чэмпіянат будзе праходзіць у Расеі, а расейскія прапагандысты выступленне хакеістаў звычайна прыроўніваюць нібыта да ўдзелу ў вайне…

Юрась Беленькі: Адзін вядомы расейскі палітолаг неяк сказаў, што ў расейцаў “чудовищный комплекс неполноценности”.  Ён правільна сказаў, і сёння гэтыя комплексы вылазяць з розных кутоў. Нармальную машыну яны не могуць зрабіць, але ж трэба быць наперадзе усіх – у балеце, у хакеі… Будуць, безумоўна, старацца дома, біць капытамі, каб стаць чэмпіёнамі. Хаця хакей – гэта ўсяго толькі гульня.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя