Юрась Беленькі: У Беларусі няма парламента і няма выбараў
У Беларусі няма парламента і няма выбараў. Усе людзі, якія цвяроза глядзяць на стан рэчаў, гэта цудоўна ведаюць, – кажа намеснік старшыні Беларускай Кансерватыўна -Хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі.
У размове з карэспандэнтам Радыё Рацыя палітык патлумачыў, чаму партыя не будзе браць удзелу ў чарговай кампаніі па фармаванні Палаты прадстаўнікоў
– Наша пазіцыя даўно вядомая і ясная: раз няма выбараў, то ідзе суцэльная імітацыя гэтага выбарчага працэсу з боку рэжыму, які кіруе. Адпаведна так званы парламент праводзіць па загадзя зацверджаных спісах сваіх людзей. Таму ўдзельнічаць у гэтым працэсе, гэта значыць дапамагаць рэжыму ствараць антураж, што ў нас, сапраўды, ёсць выбары, ёсць выбарчы працэс, ёсць парламент. Мы, канешне, рабіць гэтага не будзем.
РР: Але ёсць выбарцы, якіх падманваюць. І калі ўдзельнічаць, то, можа быць, дзеля іх, каб паразмаўляць з людзьмі, даведацца іх настрой, патлумачыць сітуацыю?
– Што зараз нельга размаўляць з людзьмі? Што зараз выбарцы сядзяць недзе ў Антарктыдзе? За жалезнымі кратамі сядзяць? Яны жывуць, побач з намі ходзяць. Размаўляйце! Гэта ўсё-такі цынічны падман, прыдуманы тымі людзьмі, якія насамрэч ёсць памагатымі рэжыму, але прэзентуюцца як апазіцыя. Гэта вось ілжывая такая тэза, закінутая для таго, каб хоць фармальна абгрунтаваць свой удзел у рэжымным спектаклі.
РР: А яшчэ можна прывесці выбарамі ў тонус партыю. Сябры партыі будуць працаваць і пабачаць нейкую палітычную перспектыву.
– То бок працаваць на рэжым свядома і ў той час казаць, што яны апаненты рэжыму, – могуць толькі людзі абсалютна з поўнай адсутнасцю сумлення. То бок падманваць выбарцаў, падманваць даверлівых людзей: тлумачыць, што ёсць выбары, што праз гэтыя так званыя выбары можна чагосьці дасягнуць і менавіта ў рэчышчы апаніравання да рэжыму, а на самой справе дапамагаючы рэжыму. Гэта называецца адным словам – подласць.
РР: Але самыя цяжкія моманты для беларускай улады якраз былі моманты выбараў. Можна ўзгадаць і 2006 год, і 2010 год, калі давялося выкарыстоўваць рэпрэсіі, каб захаваць уладу.
– Нічога падобнага, я катэгарычна не згодны. Усё гэта быў загадзя прыдуманы сцэнар. Не тое, што вымушаныя яны былі рабіць рэпрэсіі. Рэпрэсіі былі запланаваныя, гэта быў адзіны сцэнар, былі выпушчаныя псеўдаапазіцыянеры, задача якіх была стварыць уражанне, што сапраўды ў краіне ёсць выбары, каб людзі паверылі. Перад гэтым ужо былі гэтыя «палатныя выбары», і людзі не пайшлі. І ў рэжыма была праблема, як загнаць. Вось і выкарысталі так званых псеўдаапазіцыянераў, якія пераканалі людзей, ім далі нават тэлевізію, што ёсць выбары, што праз гэтыя так званыя выбары можна змяніць сітуацыю. І што яны зрабілі? Яны выцягнулі апазіцыйна-настроеных актыўных людзей на плошчу і вось там ужо рэжым супраць гэтых людзей і выкарыстаў рэпрэсіі. То бок тыя людзі, якія яшчэ не «свяціліся», яны, дзякуючы гэтым псеўдапазіцыянерам былі «засвечаныя» і зазналі рэпрэсіі і ціск. І вось гэты ўзрастаючы рух быў у зародку знішчаны.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя