Юрась Чавусаў: Апазіцыя ніяк не можа прыйсці да паразумення
Палітолаг Юрась Чавусаў лічыць, што ў беларускай апазіцыі застаецца ўсё менш шансаў дамовіцца аб вылучэнні адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары і аб правядзенні Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Хаця амаль усе партыі і арганізацыі на словах падтрымліваюць ідэю адзінага, а на справе для гэтага амаль нічога не робіцца. Прычына такой сітуацыі, як лічыць Юрась Чавусаў, не ў палітычных амбіцыях асобных лідараў, а хутчый у іх адсутнасці.
– Пры адсутнасці сцэнару, як гэты адзіны кандыдат будзе перамагаць, ці якую іншую функцыю ён будзе выконваць, палітычныя структуры больш схільныя разлічваць не на перамогу, а на тое, да якіх наступстваў прывядзе, напрыклад, наяўнасць адзінага кандыдата з іншай партыі, з іншымі палітычнымі поглядамі. І ў выніку працэс тармозіцца толькі таму, што з аднаго боку і памкнення вылучыць свайго няма, і рабіць кампанію сваю няма жадання, а з іншага боку ёсць жаданне перашкодзіць іншым структурам такое зрабіць.
На гэтым фоне з’яўляюцца новыя ініцыятывы – замест Кангрэсу аб’яднаных дэмакратычных сілаў правесці Усебеларускі кангрэс за незалежнасць, на які збяруцца нацыянальна-арыентаваныя партыі і арганізацыі. Таксама рыхтуецца правядзенне Кангрэсу левых сілаў. Усё гэта з’яўляецца рэакцыяй на няўдалыя пакуль спробы апазіцыі дамовіцца аб адзіным кандыдаце. Вось гэтыя два блокі і могуць вылучыць сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі, – лічыць Юрась Чавусаў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя