Юрась Губарэвіч: Адпачываць не даводзіцца…
Старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч распавёў, што ён паспеў зрабіць за 10 дзён знаходжання на новай пасадзе.
Нагадаем былы намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч быў абраны старшынём аб’яднання 16 кастрычніка. Адпаведнае рашэнне было прынятае дэлегатамі справаздачна-выбарнай канферэнцыі арганізацыі.
Губарэвіч змяніў Аляксандра Мілінкевіча, які кіраваў арганізацыяй з моманту яе заснавання ў 2007 годзе.
Юрась Губарэвіч: Ёсць, натуральна, для мяне нейкія новыя выклікі ў працы, але шмат што рабіў і раней. Вось учора мы падрыхтавалі і аднеслі ў Міністэрства юстыцыі пакет дакументаў (гэта неабходна пасля змены кіраўніцтва арганізацыі), а зараз актыўна рыхтуемся да паездкі 30 кастрычніка ў Свіслач дзеля ўшанавання памяці паўстанцаў Каліноўскага. Збіраемся накіраваць туды аўтобусам не толькі нашых актывістаў, а і ўсіх жадаючых. Таксама я – адзін з заяўнікаў на правядзення 7 лістапада акцыі ў памяць ахвяр савецкіх рэпрэсій. За апошні час прайшло некалькі судоў, а зараз стала вядома пра ціск з боку КДБ на актывіста руху Вадзіма Бабіна, які ўваходзіў у маю ініцыятыўную групу падчас парламенцкай кампаніі – зараз яму пагражаюць адлічэннем з БНТУ. Так што адпачываць не даводзіцца, вельмі шмат разнапланавых падзей.
РР: У сацыяльных сетках некаторыя пакпілі са змены кіраўніцтва руху: маўляў, дзейнасці арганізацыі і так не бачна і не чутно…
Юрась Губарэвіч: Заўсёды будуць незадаволеныя. Але, калі паглядзець на аналіз палітычных структур з пункту гледжання медыябарометра, то рух “За свабоду” заўсёды ўваходзіў у пяцёрку самых цытуемых арганізацый. Калі яшчэ можна было больш-менш вольна праводзіць сацыялогію ў Беларусі, мы наогул уваходзілі ў тройку найбольш вядомых у краіне палітычных структур. І таксама па ўзроўні даверу траплялі ў тройку. Таму нечыя кпіны не маюць пад сабой падстаў. А арганізацыя ў апошнія два гады насамрэч шмат абнаўляецца не толькі “зверху”, але ў рух прыходзіць і дастаткова моладзі. Гэта дае нам магчымасць яшчэ і палепшыць сваю працу.
РР: Ці моцна адрозніваецца праца на пасадзе намесніка старшыні руху і кіраўніка арганізацыі?
Юрась Губарэвіч: Адрозніваецца, бо зараз у мяне зусім іншы ўзровень адказнасці. Я прымаю рашэнні, нясу адказнасць і тут даводзіцца ўлічваць розныя інтарэсы ўнутры руху. Мы працуем з людзьмі, а таму непазбежна могуць узнікаць канфліктныя сітуацыі. І трэба ўмець іх вырашаць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя