Юрась Губарэвіч: Адзінага кандытата павінна выбіраць вялікае кола людзей
Апазіцыя актывізуе беларускае грамадства. Менавіта такія мэты ставяцца ў перадвыбарчы 2019 год. Яго такім назваў сам Аляксандр Лукашэнка, і пасля гэтага палітычныя структуры пачалі вылучаць кандыдатаў. Вядома, што правацэнтрысцкая кааліцыя будзе вылучаць адзінага кандыдата, на ролю якога прэтэндуюць Юрась Губарэвіч ад Руху “За Свабоду”, Павел Севярынец ад партыі БХД і Мікалай Казлоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Каб вызначыць адзінага кандыдата, будзе наладжаны праймерыз.
Перад намі стаіць задача, у працэс вызначэння адзінага кандыдата ўцягнуць найбольшую колькасць беларусаў, – кажа палітык Юрась Губарэвіч.
– І на сёння ёсць такія інструменты, нават нягледзячы на ўсе абмежаванні, якія стварае дыктатарскі рэжым. Але больш-менш вольная прастора ёсць у беларускім інтэрнэце, менавіта выкарыстоўваючы гэтыя механізмы, можна прыцягнуць людзей да вызначэння адзінага кандыдата. Аднак з іншага боку, і мы пра гэта адкрыта гаворым, рашаючы голас павінен быць у тых, хто гатовы сам укласціся сваімі сіламі, намаганнямі ў правядзенне выбарчай кампаніі таго кандыдата, які будзе абраны.
А гэта значыць, увайсці ў ініцыятыўную групу, удзельнічаць у зборы подпісаў ды працы з людзьмі.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 году.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя