Юрась Губарэвіч: Апазіцыя мусіць прысутнічаць у публічным палітычным жыцці
Парламенцкія выбары ў Беларусі могуць прайсці ўжо ў гэтым годзе, у другой палове лістапада. Пра гэта раней казаў кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка, і яго словы пацвердзіла старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Яна, у прыватнасці, заявіла, што правядзенне выбараў не супярэчыць закону і яны не з’яўляюцца датэрміновымі. Хаця працягласць працы парламента без усялякіх тлумачэнняў скарачаецца амаль на 10 месяцаў.
Па словах старшыні Руху „За свабоду” Юрася Губарэвіча, такое рашэнне ўладаў дэманструе, што Палата Прадстаўнікоў з’яўляецца фіктыўным органам дзяржаўнай улады.
– Яна не мае ні самастойнасці, ні нейкай вагі ў структуры дзяржаўнай улады Беларусі. Калі лічыць, што дэпутаты на выбарах 2016 года атрымалі паўнамоцтвы на чатыры гады, то рашэннем кіраўніка краіны іхныя паўнамоцтвы зрэзаны фактычна на чвэрць… Што тычыцца планаў апазіцыі, у прыватнасці Руху „За Свабоду”, па ўдзелу ў выбарах, мы будзем праводзіць у бліжэйшы тыдзень паседжанне Рады і больш дэтальна абмяркоўваць. Аднак маё персанальнае меркаванне, што любую выбарчую кампанію неабходна выкарыстоўваць.
Гэта рэдкая магчымасць на працягу больш чым двух месяцаў прысутнічаць у публічным палітычным жыцці, выстаўляць пікеты, атрымліваць доступ да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, – чаго ў астатні час пазбаўлена беларуская апазіцыя. Да таго ж, удзел апанентаў улады ў выбарах робіць відавочнымі фальсіфікацыі і ўскладняе легітымізацыю выбараў. Таму апазіцыі трэба рыхтавацца і ўдзельнічаць як у парламенцкай, так і ў прэзідэнцкай выбарчых кампаніях, – лічыць Юрась Губарэвіч.
Беларускае Радыё Рацыя