Юрась Губарэвіч: Апазіцыя не павінна быць падобнай да ўлады
«Сапраўднасць агучаных лічбаў сабраных подпісаў ініцыятыўнымі групамі прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзідэнта выключна на суменні кіраўнікоў іх выбарчых штабоў. Што тычыцца кандыдатаў дэмакратычнага кірунку, то ім бы раіў паўдзельнічаць у праверцы сабраных подпісаў», – адзначае намеснік старшыні «Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
– Пасля падзей 2010 года, калі беларуская грамадскасць з недаверам паставілася да інфармацыі пра сабраныя подпісы ў большасці тагачасных кандыдатаў, найлепшым выйсцем было паўдзельнічаць у працы незалежнай грамадскай камісіі, якая магла б праверыць сабраныя подпісы і даць сваю ацэнку. І да тых кандыдатаў, хто з гонарам прайшоў такую праверку, гэта была б дадатковая матывацыя выбарцаў падтрымліваць такога кандыдата, бо, на жаль, падзенне рэйтынга апазіцыі ў шмат чым звязана з тым, што людзі ацэньваюць апазіцыйных дзеячоў і бачуць, што яны не моцна адрозніваюцца ад улады.
«І таксама, на думку грамадства, могуць быць схільнымі да фальсіфікацыяў, – дадае Юрась Губарэвіч. Па яго словах, на дадзеным этапе можна толькі даць ацэнку складаным умовам, у якіх адбываецца збор подпісаў. А гэта анамальная спёка, у якую знайсці ў кватэрах выбарцаў пры зборы подпісаў «door to door» практычна немагчыма.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя