Юрась Губарэвіч: Апазіцыя зноў спрабуе аб’яднацца



Рух „За свабоду”, Аб’яднаная Грамадзянская Партыя, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і Партыя БНФ маюць намер стварыць новую кааліцыю. Хоць афіцыйнымі дамовамі кааліцыя не замацаваная – перамовы вядуцца, а пляцоўка для абмеркавання бягучых падзеяў і наступных крокаў, якія могуць зрабіць разам прадстаўнікі чатырох палітычных суб’ектаў, – створаная.

Кажа намеснік старшыні Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч:

– Мы абмяркоўваем розныя пытанні – ад міжнароднай палітыкі Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі, да тых пераменаў, якія мусяць адбыцца ў самой Беларусі, асабліва ў кантэксце бліжэйшых парламенцкіх выбараў. І мы дамовіліся, што будзем інфармаваць грамадскасць толькі ў выніку прыняцця намі нейкіх супольных рашэнняў і ўжо гатовых планаў.

На працягу апошніх гадоў апазіцыя некалькі разоў спрабавала аб’яднацца. Аднак – безвынікова. На мінулых прэзідэнцкіх выбарах апазіцыйныя структуры не змаглі дамовіцца пра адзінага кандыдата. Што падштурхнула чатыры партыі яшчэ раз сесці за стол перамоваў, – тлумачыць Губарэвіч:

 – Мы прааналізавалі ўвесь наш папярэдні досвед. І тут відавочна, што тыя кааліцыі, якія стварала беларуская апазіцыя, нярэдка насілі сітуатыўны, або часовы характар, ствараліся пад нейкую пэўную кампанію і аб’ядноўвалі часта тыя арганізацыі, якія маюць розны каштоўнасны набор і розны погляд на развіццё будучыні Беларусі.

Зараз падзеі ў рэгіёне абвастрылі пытанне геапалітычнага выбару, – дадае намеснік Руху „За свабоду” і падкрэслівае, што згаданыя партыі выступаюць за больш шчыльнае супрацоўніцтва з Еўразвязам. Апроч таго, яны маюць агульны набор каштоўнасцяў і агульнага партнёра ў Еўропе – Еўрапейскую народную партыю.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя