Юрась Губарэвіч: Брытанія робіць не зусім прадуманы крок
“Выхад з Еўразвязу ўдарыць па брытанскай эканоміцы” , – мяркуе намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч, каментуючы рэферэндум, падчас якога братанцы прагаласавалі за выхад з ЕЗ.
Юрась Губарэвіч: У сучасным свеце самаізаляцыя не прыводзіць да добрых наступстваў. У любым выпадку – ёсць глабальная эканоміка і быць інтэграваным у яе – гэта азначае мець выгоды ўласнага развіцця. Але пабачым, якія яшчэ будуць наступствы гэтага рашэння. Дарэчы, яно можа шмат чым паўплываць на пазіцыю іншых краін Еўразвязу.
РР: Чаму, на ваш погляд, большасць брытанцаў выступілі за выхад з ЕЗ?
Юрась Губарэвіч: Трэба прызнаць, што ў Еўропе існуюць пэўныя праблемы, і гэта звязана ў першую чаргу з велізарнай колькасцю бежанцаў, неабходнасцю шмат іх прымаць і размяркоўваць. Таксама краіна-чалец ЕЗ павінна ўдзельнічаць у фінансаванні шматлікіх агульных праектаў. У такой сітуацыі ў брытанцаў верх узяў пэўны эгаізм. Людзі чакалі, што ад удзелу ў Еўразвязе яны будуць атрымліваць бонусы, але не былі гатовыя браць адказнасць за асноўныя выдаткі.
РР: Кажуць, што вынікі рэферэндума ў Брытаніі – гэта перамога Пуціна…
Юрась Губарэвіч: Я б так не казаў, хаця расейская прапаганда адназначна выкарыстае гэты момант напоўніцу. Але тут трэба разумець, што якая б не была Расея па памерах, яна застаецца адной з самых бедных краінаў кантынента. Таму радавацца тут няма чаму.
РР: А як успрыме гэтую навіну афіцыйны Менск?
Юрась Губарэвіч: Усё залежыць ад таго, які вектар абярэ ўлада. Зараз афіцыйны Менск разглядае Еўразвяз, як партнёра, і зацікаўлены ў пашырэнні сувязяў і кантактаў, атрыманні фінансавай дапамогі. Але пэўныя кпіны ў бок Еўразвязу не выключаю.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя