Юрась Губарэвіч: Эфектыўнай сістэмы барацьбы з карупцыяй так і няма



«За 24 гады, якія краінай кіруе Аляксандр Лукашэнка, можна было б выбудаваць сапраўды эфектыўную сістэму барацьбы з карупцыяй. Тады, магчыма, не было б фіксавана ў Беларусі такой колькасці карупцыйных злачынстваў, якую агучыў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

Гэта адзначае старшыня Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч, які таксама звяртае ўвагу на тых, каго часцей за ўсё вінавацяць у карупцыі.

– Нярэдка лекары і настаўнікі трапляюць пад гэтую рэпрэсіўную машыну, нібыта антыкарупцыйную. Літаральна за мінімальныя падарункі, атрыманыя ад удзячных пацыентаў, або ад бацькоў у школе. Ці ёсць там чыноўнікі высокага палёту? Такія справы здараюцца вельмі рэдка. І як правіла ў іх ёсць магчымасць адкупіцца яшчэ на стадыі вядзення следства. Бо кадравы рэзерв у Аляксандра Лукашэнкі дастаткова слабы і калі нават нехта і трапляе ў турму, то выхад адтуль можа быць напрасткі на чыноўніцкую пасаду.  

Паводле заявы міністра ўнутраных спраў Беларусі, летась 780 чыноўнікаў і кіраўнікоў нанеслі шкоду дзяржаве на суму каля 25 мільёнаў рублёў. Летась сілавыя ведамствы краіны выявілі і спынілі каля 2 тысяч карупцыйных злачынстваў, а сёлета толькі за 4 месяцы выяўлена ўжо 940 карупцыйных злачынстваў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя