Юрась Губарэвіч: Ім непатрэбны “ненадзейныя” назіральнікі
Cтаршыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч пракаментаваў рашэнне Цэнтрвыбаркама абмежаваць колькасць назіральнікаў падчас прэзідэнцкіх выбараў.
Як вядома, Цэнтрвыбаркам абмежаваў колькасць назіральнікаў, якія змогуць прысутнічаць на выбарчых участках падчас датэрміновага галасавання – да трох чалавек, у асноўны дзень – да пяці чалавек. ЦВК спасылаецца на складаную эпідэміялагічную абстаноўку.
Юрась Губарэвіч: Думаю, калі кіраўнік Беларусі меў бы ў грамадстве нармальную падтрымку, дадатковых абмежаванняў для назіральнікаў уводзіць не спатрэбілася б. А так ЦВК робіць усё магчымае, каб камісіі працавалі ў абсалютна закрытым камфортным рэжыме без “ненадзейных” людзей. Адным словам, назіральнікаў стэрылізавалі поўнасцю.
Допуск лішніх сведкаў на выбарчыя ўчасткі зрабілі немагчымым. І гэта пры ўсім тым, што незалежныя назіральнікі мелі раней даволі абмежаваныя магчымасці. Але гэта стварала б праблему нават пры фальсіфікацыях яўкі датэрміновага галасавання.
Мы не раз, дарэчы, казалі: мала заклікаць не прыходзіць галасаваць датэрмінова, важна забяспечыць неабходны кантроль за рэальнай яўкай выбарцаў. Бо завышэнне яўкі – гэта крымінальнае злачынства.
РР: Што ў такой сітуацыі рабіць?
Юрась Губарэвіч: На маю думку, трэба не складаць рукі і не зніжаць той градус настрою на перамены, які ёсць у грамадстве. Натуральна, у многіх ёсць расчараванне, калі бачаць, як улада цынічна маніпулююць гэтымі выбарамі, але тыя, хто хоча паспрыяць празрыстасці выбарчага працэсу, яны мусяць займець для сябе накіраванне на выбарчы ўчастак альбо ад імя выбарцаў, якія пражываюць на ўчастку, альбо ад імя любой палітычнай партыі ці грамадскага аб’яднання.
Можна прыходзіць на ўчастак, падаваць заяву і патрабаваць уносіць іх у кнігу ўліку і атрымліваць свой нумар у чарзе. Можа гэта будзе пяты ці дзясяты нумар, бо першыя ўжо запоўнены праўладнымі назіральнікамі, але, тым не менш, гэта ўжо будзе афіцыйная прывязка і акрэдытацыя на ўчастку.
Як будзе рухацца гэтая чарга – шмат у чым будзе залежыць ад грамадства. Градус непрыняцця гэтай улады можа быць настолькі высокім, што нават праўладныя назіральнікі пачнуць адмаўляцца ісці на выбарчыя ўчасткі, каб не ганьбіць сябе і не рабіцца саўдзельнікамі злачынства. Таму, лічу, не ўсе шанцы яшчэ страчаны.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя