Юрась Губарэвіч мае намер балатавацца на пасаду старшыні Руху “За Свабоду”
У кастрычніку арганізацыя рыхтуе правядзенне справаздачна-выбарчай канферэнцыі. Неўзабаве пасля парламенцкіх выбараў Рух мае намер пераабраць уласнае кіраўніцтва.
“Рашэнне вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні выспявала некалькі апошніх год,” – гаворыць намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч:
– Аляксандр Мілінкевіч неаднаразова публічна заяўляў, што ён гатовы саступіць дарогу маладому пакаленню. Натуральна, што арганізацыя будавалася вакол ягонай персоны ў 2006 годзе. Яна паўстала фактычна на базе перадвыбарчага штаба Аляксандра Мілінкевіча.
“Аляксандр Мілінкевіч разумее, што любой арганізацыі перамены могуць быць толькі на карысць,” – дадаў намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч.
Рух “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча паўстаў на глебе пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. З гэтага часу Мілінкевіч быў яго нязменным кіраўніком. Дагэтуль апроч Губарэвіча ніхто з сябраў Руху не заяўляў аб сваіх амбіцыях на пасаду старшыні.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя