Юрась Губарэвіч: Малаверагодна, што Расея пойдзе на выкананне дамоўленасцяў



Расея ад самага пачатку свой удзел у “мірных” перамовах пабудавала на хлусні. Яна надалей адмаўляе той факт, што ў канфлікце на ўсходзе Украіны ўдзельнічаюць расейскія рэгулярныя вайсковыя часткі, ды яшчэ адыгрываюць там значную ролю.

Gubarevich_juras

“Таму малаверагодна, што Расея пойдзе на выкананне дамоўленасцяў, дасягнутых днямі ў Менску”, – выказвае меркаванне намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч:

– Калі адзін з бакоў падыходзіць з загадзя хлуслівых пазіцый, то не варта разлічваць, што ён будзе сумленным у выкананні тых абавязкаў, якія ён на сябе ўзяў. Паглядзім, бо літаральна ў бліжэйшыя тыдні пабачым, як будуць разгортвацца падзеі. Адносна паставак зброі… Трэба гэтае пытанне вырашаць комплексна, комплексна вырашаць праблемы, якія паўсталі перад Украінай. Тут мусіць быць і фінансавая дапамога, і навучанне для войска, і нейкія “нелетальныя” сродкі перадавацца.

“У выпадку, калі ўкраінскае войска будзе досыць мабілізаваным і навучаным, яно зможа пераламіць сітуацыю ў Данбасе”, – дадае палітык.

Прыгадаем, што адным з галоўных пунктаў дамоўленасцяў Менск-2, з’яўляецца спыненне агню і адвод цяжкіх узбраенняў на вызначаныя адлегласці, а таксама абмен палоннымі па схеме “ўсіх на ўсіх”.

 Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя