Юрась Губарэвіч: Масква ажыццяўляе новы план…



Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч пракаментаваў візіт у Менск расейскага прэм’ера.

Нагадаем, што прэм’ер-міністр Расеі Міхаіл Мішусцін сустрэўся ў Менску з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Юрась Губарэвіч: Расея зараз разглядае Беларусь як пляцоўку, на якой адбываецца велізарны распродаж. Пытанне ў тым, каб стаць у чаргу і першым адхапіць «акцыйны тавар» па нізкім кошце.

Думаю, у Крамлі ёсць разуменне, што сённяшні кіраўнік Беларусі не кантралюе сітуацыю, як кантраляваў яе яшчэ паўгода таму. І ўвогуле яго далейшыя перспектывы дастаткова цьмяныя. Таму і спрабуюць выбіць па максімуму за мінімальны кошт. Пры гэтым такі стан расейцы могуць падтрымліваць і штучна. Напрыклад, могуць дэклараваць на словах падтрымку Лукашэнку, але не аказваць рэальную фінансавую дапамогу. Такім чынам трымаюць яго ў падвешаным стане.

РР: Адным словам, Крэмль ад сваіх імперскіх планаў не адмовіўся?

Юрась Губарэвіч: І ніколі не адмаўляўся. Была нейкая паўза ў гульні, але выбары сталі трамплінам для ажыццяўленне новага плана Масквы. Зараз улады і краіна перажывае крызіс, і доўга ў такім стане Беларусь не зможа ўтрымлівацца. Таму зараз расейска-беларускія стасункі на вышэйшым узроўні будуць адзін за другім. Гандаль пачаўся.

РР: Яшчэ не так даўно ўлады абвінавачвалі Маскву ў іх імкненні да страты незалежнасці Беларуссю, а зараз ужо ізноў пайшлі пацалункі. Чаму такі разварот падзей?

Юрась Губарэвіч: Для Лукашэнкі заўсёды ў прыярытэце стаяла пытанне захавання асабістай улады. І калі да выбараў пагрозу ў страце ўлады ён бачыў у Расеі, то пасля выбараў – у беларускім грамадстве. І гэтая пагроза на парадак вышэйшая, чым з боку Масквы. Таму і змяніліся прыярытэты.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя