Юрась Губарэвіч: Мы чакаем афіцыйнай рэакцыі
Рух „За свабоду” звярнуўся ў Савет Міністраў з заклікам ініцыяваць у Канстытуцыйным Судзе праверку законнасці нарматыўных актаў аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.
Паводле намесніка старшыні руху Юрася Губарэвіча, насуперак 35-му артыкулу Канстытуцыі за апошнія тры гады не было дазволена ніводнае масавае мерапрыемства, калі яго не праводзілі дзяржаўныя органы:
– Сітуацыя выглядае так, што падзаконныя акцыі скасоўваюць канстытуцыйныя магчымасці грамадзян Беларусі на правядзенне сходаў, мітынгаў і іншых публічных дзеянняў. Мясцовыя ўлады адмаўляюць па фактычна надуманых прычынах. Дзяржаўныя органы мусяць адрэагаваць. Мы даслалі афіцыйны зварот і чакаем афіцыйнай рэакцыі. Якой бы яна не была, гэта дасць нам нагоду працягваць справу далей.
Рух “За Свабоду” лічыць, што беларуская дзяржава не выконвае сваё ж заканадаўства, прычым ствараецца замкнёнае кола: адпаведныя службы, для прыкладу – хуткая дапамога, адмаўляюцца абслугоўваць масавае мера-прыемства, а выканаўчая ўлада адмаўляе, бо не гарантавана бяспека ўдзельнікаў.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя
Фота youtube.com