Юрась Губарэвіч: На перанос выбараў улады не пойдуць
Лідар руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч выказаўся пра прызначаную дату правядзення прэзідэнцкіх выбараў і магчымыя варыянты развіцця падзей.
Сёння стала вядома, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 9 жніўня 2020 году. За гэтую дату прагаласавала большасць падчас пазачарговага пасяджэння Палаты прадстаўнiкоў.
Юрась Губарэвіч: Выбары захацелі правесці як мага раней, а гэта значыць, што ўлады дэманструюць няўпэўненасць у выніках будучай выбарчай кампаніі нават пры тым механізме правядзення выбараў, які існуе. А гэты механізм, як вядома, даўно адпрацаваны і знаходзіцца пад поўным кантролем уладаў.
Але, відаць, у гэтым годзе беларускаму кіраўніку на элегантную перамогу разлічваць не даводзіцца, бо дзеянні ўлады падчас эпідэміі каронавіруса моцна падарвалі яе імідж у вачах многіх людзей і прывялі да абвалу рэйтынга. Акрамя таго, чакаецца і эканамічны калапс.
РР: Але, мяркую, у беларускіх рэаліях дата выбараў не моцна ўплывае на іх вынікі. Ці не згодны з гэтым?
Юрась Губарэвіч: Я бачу той факт, што дату выбараў вырашылі выбраць так, каб апаненты не здолелі сабраць подпісы. Перыяд збору подпісаў, хутчэй за ўсё, патрапіць на пік эпідэміі, таму будзе проста нерэальна складана сабраць 100 тысяч подпісаў.
У бліжэйшыя дні ў межах праймерыз абмяркуем гэтую сітуацыю і вызначым, якая ўвогуле будзе стратэгія на гэтую выбарчую кампанию.
Юрась Губарэвіч: У Польшчы з-за пандэміі каронавіруса перанеслі прэзідэнцкія выбары. Такое магчыма ў Беларусі, калі да пачатку жніўня пік эпідэміі не будзе дасягнуты?
РР: Ужо былі ж заявы, што выбары адбудуцца да канца жніўня ў любым выпадку, таму, як мне падаецца, яны не будуць перанесены ні пры якіх абставінах. Калі ва ўмовах каронавірусу людзей зганяюць на парад, то хто перашкодзіць сагнаць народ на выбарчыя ўчасткі?
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя