Юрась Губарэвіч: На выбарах трэба агучыць прапановы апазіцыі
На прэзідэнцкія выбары трэба ставіць мэты, якія звязаныя з пашырэннем падтрымкі прапаноў з боку беларускай апазіцыі, такое меркаванне выказвае намеснік старшыні Руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч.
Гэтыя прапановы мусяць тычыцца рэальных праблем, якія сёння стаяць перад беларускім грамадствам: эканомікі, тупіковай сітуацыі, у якой апынулася краіна, і што трэба мяняць не толькі эканамічны, але і геапалітычны курс.
Так палітык каментуе прапанову часткі апазіцыі вылучыць на прэзідэнцкія выбары палітычнага вязня Міколу Статкевіча:
– Пра ўсе гэтыя рэчы можа больш эфектыўна казаць чалавек, які знаходзіцца на волі, які выкарыстоўвае ўсе механізмы выбарчай кампаніі – гэта значыць мае магчымасць зарэгістраваць ініцыятыўную групу, пайсці разам са сваёй камандай збіраць подпісы, камунікаваць з людзьмі, быць зарэгістраваным, скарыстаць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Калі мы гаворым пра тое, што апазіцыя павінна вылучыць палітвязня, то яна сама сябе пазбаўляе доступу да падобных механізмаў.
„Таму імітаваць удзел у выбарчай кампаніі – гэта няслушнае рашэнне”, – дадае Юрась Губарэвіч. У той жа час гэта не адмаўляе неабходнасці казаць пра палітычных вязняў і правы чалавека, але даносіць гэтую інфармацыю для грамадства можна іншымі спосабамі.
„Вылучаючы на прэзідэнцкія выбары палітвязня, мы дамо грамадзянам пасланне, што апазіцыя ўжо не мае прэтэндэнтаў, якія могуць рэальна змагацца за ўладу”, – дадае палітык.
Беларускае Радыё Рацыя